Каталіцкі сьвятар Трысьцень знаходзіцца на волі, інфармацыя пра яго затрыманьне не пацьверджаная

Тым часам застаецца пад вартай эвангельскі пастар з Хойніцкага раёну Алег Лойка

23 красавіка стала вядома пра арышт каталіцкага ксяндза Сяргея Трысьценя.

Пра гэта паведаміла Хрысьціянская візія. Ноччу стала вядома, што каталіцкі святар Сяргей Трысцень знаходзіцца на волі, паведаміла ініцыятыва «Хрысціянская візія».

Трысьцень — настаяцель манаскай супольнасьці кармэлітаў босых у Менску, дырэктар Школы сямейнага жыцьця, выкладчык Менскага тэалягічнага каледжу сьвятога Яна Хрысьціцеля.

«На дадзены момант так і не ўдалося дакладна праверыць, што адбывалася са святаром [23 красавіка], але вядома, што святар знаходзіцца дома», — гаворыцца ў яе тэлеграм-канале.

Тым часам 23 красавіка звангельскага пастара з Хойніцкага раёну Алега Лойку затрымалі ў крымінальнай справе, абвінавачваюць у перадачы інфармацыі аб перасоўваньні расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.

48-гадовы Алег Лойка зьяўляецца пастарам царквы хрысьціян веры эвангельскай у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёну. Вядома, што ў сьнежні мінулага году яго арыштоўвалі на 10 содняў за «распаўсюд экстрэмізму».

Пастар шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасьцю ў рамках місіі «Вяртаньне», даведаліся праваабаронцы. Дзякуючы яго дзейнасьці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцьця. Пра пастара раней неаднаразова з захапленьнем пісалі дзяржаўныя СМІ.

Сёлета ўлады ўнесьлі ў Крымінальны кодэкс адказнасьць за паведамленьні пра рух войскаў. Незалежныя экспэрты адразу палічылі гэта адказам на дзеяньні беларусаў, якія, пратэстуючы супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, паведамлялі пра перасоўваньне акупацыйных войскаў па тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля Хойнікаў арыштавалі эвангельскага пастара, а ў Менску каталіцкага сьвятара