У Слуцку работнікі крамы «Суседзі» зладзілі страйк супраць нізкіх заробкаў

Слуцак, архіўнае фота

Пакуль невядома, ці ўдалося работнікам дамагчыся чагосьці.

Раніцай 24 красавіка крама «Суседзі», разьмешчаная на вуліцы Барысаўца ў Слуцку, адкрылася на гадзіну пазьней, паведамляе мясцовае выданьне SlutskGorod. Так работнікі крамы выказалі сваю нязгоду зь нізкімі заробкамі.

Крама не пачала працу а 7-й гадзіне, як звычайна, людзі прыходзілі, стаялі нейкі час пад дзьвярыма і адыходзілі, паведамілі чытачы выданьня, а відавочцы даслалі фота.

Паводле інфармацыі SlutskGorod, каля дзясятка чалавек, якія мелі 24 красавіка выйсьці на працоўную зьмену, узгоднена не адчынілі дзьверы крамы. Так было каля гадзіны, пасьля чаго «Суседзі» ўсё ж упусьцілі пакупнікоў.

Як піша выданьне з спасылкай на свае крыніцы, пасьля «падаўжэньня рэжыму працы да 2 гадзін ночы задачаў у пэрсаналу стала нашмат больш, супрацоўнікі ня раз зьвярталіся да кіраўніцтва з просьбай падняць заробкі», а сёньняшні міні-страйк «стаў спробай дагрукацца да адміністрацыі сеткі».

Пакуль невядома, ці ўдалося работнікам дамагчыся чагосьці. Апэратыўна атрымаць камэнтар у кіраўніцтве сеткі крамаў «Суседзі» выданьню не ўдалося.

Пазьней у таварыстве з абмежаванай адказнасьцю «Лібрэцік», якое кіруе крамай «Суседзі», паведамілі, што там толькі два чалавекі адмовіліся прыступіць да выкананьня працоўных абавязкаў — выкладаньня тавараў і разьліку з пакупнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 31 крамы да 197 за тры гады. Як расейскія гандлёвыя сеткі выціскаюць беларускія

Першая крама «Суседзі» адкрылася ў Беларусі ў 2001 годзе. Сетка паступова пашыралася, захоўваючы фармат «крама каля дому».

У 2020 годзе ў гандлёвай сетцы «Суседзі» было 139 крамаў, цяпер іх 236 — гандлёвая сетка надалей пашыраецца.

Падчас праверак у лютым 2025 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня Беларусі заявіла, што ў 86% крамаў гэтай гандлёвай сеткі выявіла «парушэньні дзейнага заканадаўства», сярод якіх продаж тавараў з скончаным тэрмінам прыдатнасьці, невыкананьне абавязковага асартымэнту тавараў, брак неабходных сродкаў вымярэньня, інфармацыі для спажыўцоў, неналежнае афармленьне цэньнікаў і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Споўнілася 2 гады зьняволеньня лідэраў незалежных прафсаюзаў. Што вядома пра ўмовы іх утрыманьня і здароўе