Акцыі да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі прайшлі ў Вільні і Варшаве. ФОТА

Сьвятлана Ціханоўская ўсклала кветкі да помніка «Маці Чарнобыля» у Вільні разам з дыпляматамі і амбасадарамі Літвы, Польшчы, Эстоніі, Гішпаніі, ЗША, Харватыі, Францыі, Ірляндыі, Чэхіі і Нідэрляндаў. Вільня, 26 красавіка 2025 году

У сваім звароце з нагоды гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС Ціханоўская адзначыла, што беларускі рэжым сёньня паводзіць сябе гэтаксама, як і савецкія ўлады падчас катастрофы.

«Ім прасьцей змаўчаць, забыць, праігнараваць. Чарнобыль — нязручная тэма, якая руйнуе прыгожую карцінку дабрабыту і стабільнасьці».

Сьвятлана Ціханоўская згадала атамную станцыю ў Астраўцы, якая ёсьць пагрозай не толькі беларусам, але і іх суседзям.

«Сёньня рэжым кажа пра пабудову яшчэ адной станцыі. Выхваляецца разьмяшчэньнем расійскай ядзернай зброі. Яе прысутнасьць на нашай зямлі робіць Беларусь мішэньню, а беларусаў — закладнікамі чужога імпэрскага шаленства», перакананая дэмакратычная лідэрка.

«У будучыні Беларусь стане краінай, дзе галоўная каштоўнасьць — чалавечае жыцьцё. Дзе ўлада будзе служыць людзям і адказваць за свае памылкі. Дзе не будзе месца ні ядзерным пагрозам, ні вайне», — перакананая Сьвятлана Ціханоўская.

Помнік «Маці Чарнобыля» у парку Сапегаў у Вільні

Мітынг-рэквіем памяці Чарнобыльскай трагедыі адбыўся ў Варшаве. 26 красавіка 2025 году

«Рэквіем — гэта музыка жалобы і памяці. Не забыць, каб зло не паўтарылася — гэта наш абавязак», — адзначылі ўдзельнікі акцыі.

У акцыі памяці Чарнобыльскай трагедыі ўзялі ўдзел кіраўнік НАУ Павал Латушка, ксёндз Вячаслаў Барок, выканаўца абавязкаў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі па нацыянальным адраджэньні Павал Баркоўскі ды іншыя.

Павал Латушка

Вячаслаў Барок

Напрыканцы акцыі адзін з удзельнікаў працытаваў урывак з «Чарнобыльскай малітвы» Сьвятланы Алексіевіч: «Ня толькі нашая зямля „забруджаная“, але і нашая сьвядомасьць. І таксама на шмат гадоў».