Беларуску затрымалі на польскай мяжы за падробленыя пячаткі ў пашпарце

На польскай мяжы

Грамадзянку Беларусі выкрылі на фальшаваньні пячатак у пашпарце.

На памежным пераходзе Карчова ў Падкарпацкім ваяводзтве Польшчы затрымалі грамадзянку Беларусі. У ейным пашпарце памежнікі знайшлі чатыры падробленыя пячаткі пра ўезд і выезд з Польшчы.

Як паведамляе Галоўная ўправа Памежнай варты Польшчы, пячаткамі беларуска імкнулася легалізаваць пратэрмінаванае перабываньне на тэрыторыі Польшчы, іншыя пячаткі сьведчылі нібыта пра пераход мяжы ў аэрапортах Варшавы і Кракава.

Беларусцы выставілі абвінавачаньне ў выкарыстаньні фальшывых дакумэнтаў, яна прызналася і пагадзілася на ўмоўны тэрмін у паўгода зьняволеньня з выпрабавальным тэрмінам на год.

Пашпарт сканфіскавалі як доказ злачынства.

Памежнікі заставы ў Карчове паведамілі, што ад пачатку 2025 году затрымалі ўжо 500 грамадзянаў з падробленымі і пераробленымі дакумэнтамі.

Літаральна за дзьве гадзіны да затрыманьня беларускі на тым самым памежным пункце затрымалі грамадзяніна Азэрбайджану з падробленым украінскім пасьведчаньнем кіроўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шанцы ёсьць, гарантый няма. Дзе гэтым летам можна атрымаць шэнгенскую візу


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Растуць чэргі на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз — цяпер у іх 1675 легкавікоў, большасьць на мяжы з Польшчай