Пасьля заявы Пуціна аб перамір’і на Дзень перамогі Расея працягвае біць па грамадзянскіх аб’ектах Украіны

Пасьля расейскай атакі на Нікапаль. Архіўнае фота

Расейскія войскі ў ноч на 29 красавіка атакавалі Ўкраіну 100 ударнымі дронамі і бесьпілётнікамі-імітатарамі.

Як паведаміла прэс-служба Паветраных сіл УСУ. У выніку расейскіх атак пацярпелі Кіеўская, Данецкая, Днепрапятроўская і Харкаўская вобласьці. Ёсьць загінулыя і пацярпелыя, сярод іх — дзіця.

Паводле Ўзброеных сіл Украіны, па стане на 08:30 пацьверджаныя страты 37 ударных дронаў на ўсходзе, поўначы, поўдні і ў цэнтры краіны, яшчэ 47 расейскіх бесьпілётнікаў-імітатараў былі лякацыйна страчаныя без нэгатыўных наступстваў.

У Кіеве ад расейскай атакі пацярпелі тры чалавекі, расказалі ў Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі. У выніку падзеньня абломкаў аднаго са зьбітых дронаў згарэў трохпавярховы будынак базы адпачынку, паведаміў мэр гораду Віталь Клічко. Ёсьць разбурэньні, пашкоджаньне будынкаў і аўтамабіляў, на месцы працягваюць працаваць ратавальнікі, паведаміла гарадзкая адміністрацыя.

За мінулыя содні паветраную трывогу ў Кіеве абʼяўлялі тройчы, у навакольлях Кіева і ў паветранай прасторы сталіцы было зафіксавана 11 расейскіх дронаў — сілы СПА зьнішчылі дзевяць зь іх. Паражэньня абʼектаў крытычнай інфраструктуры не дапусьцілі.

У Самараўскім раёне Днепрапятроўскай вобласьці расейскі дрон трапіў у жылы дом — пад заваламі апынуліся дзеці, паведамляе ў тэлеграме Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях (ДСНС) Украіны. Дзяўчынка 2012 году нараджэньня, якую самастойна дасталі мясцовыя, памерла па дарозе ў бальніцу, яшчэ адну дзяўчынку 2019 году выратавалі ратавальнікі.

У Сінельнікаўскім раёне Днепрапятроўскай вобласьці ў выніку ўдару па прадпрыемстве адбыўся пажар. Паводле пярэдніх зьвестак, загінулых і пацярпелых няма.

У Нікапалі на Днепрапятроўшчыне расейскія войскі атакавалі ратавальнікаў падчас ліквідацыі ўзгараньня ў жылым доме, выкліканага расейскімі абстрэламі, паведамляе ДСНС. Пашкоджаньні атрымаў пажарна-выратавальны аўтамабіль, сярод асабовага складу пацярпелых няма.

28 красавіка Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра часовае спыненьне Расеяй усіх баявых дзеяньняў ва Ўкраіне «ў дні 80-й гадавіны Перамогі» — апоўначы з 7 на 8 траўня да поўначы з 10 на 11 траўня і заклікаў украінскі бок «рушыць усьлед гэтаму прыкладу».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на загад Пуціна расейскім войскам спыніць агонь ва Ўкраіне з 8 па 11 траўня, абвінаваціўшы яго ў пастаянных спробах маніпуляваць міжнароднай супольнасьцю, і заклікаў да «неадкладнага, поўнага і безумоўнага спыненьне агню сама меней на 30 дзён».

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў фактычна адпрэчыў прапанаваную Ўкраінай ідэю аб перамірʼі на 30 дзён, раскрытыкаваўшы пры гэтым Кіеў за «адсутнасьць рэакцыі» на прапанову Пуціна спыніць агонь на тры дні — з 8 па 10 траўня. Паводле Пяскова, перамірʼе на 30 дзён магчымае толькі з улікам «нюансаў», пра якія раней казаў Пуцін: сярод гэтых «нюансаў» ён называў пытаньні кантролю і вэрыфікацыі, а таксама неабходнасьць на гэтыя 30 дзён спыніць ва Ўкраіне мабілізацыю і пастаўкі ў краіну зброі.

Раней Пуцін абʼяўляў перамірʼе на Вялікдзень. Пасьля яго заканчэньня ва Ўкраіне заявілі, што за Вялікдзень расейскія войскі 2,9 тысячы разоў парушылі аб’яўленае спыненьне агню. Расея таксама абвінавачвала Ўкраіну ў парушэньні перамірʼя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адказаў на заяву Пуціна аб перамір’і да Дня перамогі: «Няма ніякіх падстаў чакаць 8 траўня»