«Вялікая Перамога» як палітычны інструмэнт для Пуціна і Лукашэнкі. Аналіз Валера Карбалевіча

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на патрыятычным форуме ў расейскім горадзе Валгаградзе 29 красавіка 2025 года

Пуцін і Лукашэнка не хаваюць, што ўрачыстае сьвяткаваньне 80-годзьдзя Перамогі патрэбна ня столькі для шанаваньня пераможцаў, колькі для вырашэньня цяперашніх палітычных задач, якія стаяць перад беларускім і расейскім рэжымамі.

Сьцісла:

  • Ва ўладаў Беларусі і Расеі даволі інструмэнтальны падыход да гістарычнай памяці.
  • Усе, хто супраціўляецца дыктатуры і расейскай агрэсіі супраць Украіны, абвяшчаюцца «нацыстамі», «нашчадкамі фашыстаў».
  • Лукашэнка апраўдваўся за тое, што Беларусь мае свой варыянт сымбаля «Вялікай Перамогі» і сваю вэрсію «Несьмяротнага палка».

У сьвята Радаўніцу, калі беларусы наведваюць магілы блізкіх, Аляксандар Лукашэнка зладзіў чарговым візыт у Расею. Гэтым разам ён паляцеў у Валгаград. Мерапрыемства, якое там зладзілі, вонкава выглядала трохі дзіўным. У самой назве — «Міжнародны патрыятычны форум Саюзнай дзяржавы „Вялікая спадчына — агульная будучыня“» — ёсьць пэўная супярэчнасьць.

Гэта форум «саюзнай дзяржавы», у якой, паводле афіцыйнай вэрсіі, «агульная будучыня». Адна з сэкцый мерапрыемства мае назву «Патрыятычнае выхаваньне на аснове гістарычных ведаў». Словы «патрыятызм», «патрыятычнае выхаваньне» азначае любоў, ляяльнасьць да краіны, радзімы. (Пакуль вынесем за дужкі той факт, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра дзьве розныя краіны — Беларусь і Расею).

Але тады ўзьнікае пытаньне, чаму гэты форум названы «міжнародным»? Паводле афіцыйнай інфармацыі, у ім удзельнічалі «парлямэнцкія дэлегацыі з больш чым 20 краін СНД, Эўропы, Азіі, Лацінскай Амэрыкі». А якая ў іх «агульная будучыня»? І пра якое «патрыятычнае выхаваньне», то бок любоў да якой радзімы, ідзе гаворка? Ці можна разумець, што парлямэнтары з Эўропы, Азіі, Лацінскай Амэрыкі абмяркоўвалі любоў да Расеі і Беларусі?

Кульмінацыяй форуму сталі выступы Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Іх зьмест традыцыйны, галоўныя тэзісы не мяняюцца шмат гадоў.

Найперш, Пуцін і Лукашэнка не хаваюць, што ўрачыстае сьвяткаваньне 80-годзьдзя «Вялікай Перамогі» патрэбна ня столькі для шанаваньня пераможцаў, колькі для вырашэньня цяперашніх палітычных задач, якія стаяць перад беларускім і расейскім рэжымамі.

«Мы зьвяртаемся да гісторыі, каб абараніць ня толькі будучыню, але ўжо — сучаснасьць. Так сёньня стаіць пытаньне», — казаў беларускі кіраўнік.

То бок гістарычная памяць — гэта палітычны інструмэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто насамрэч апраўдвае нацызм і чаму небясьпечна казаць пра «генацыд беларускага народу»

Такі інструмэнтальны падыход да 80-гадовага юбілею перамогі над нацызмам падводзіць да галоўнага ідэалягічнага пастуляту, які выкарыстоўваюць улады Беларусі і Расеі. Яго сфармуляваў Лукашэнка, выступаючы ў Валгаградзе:

«Мы спадкаемцы вялікага пакаленьня — герояў-пераможцаў… Нам супрацьстаяць нашчадкі прыхільнікаў Трэцяга райху, якія прайгралі».

То бок усе, хто не падзяляе ідэалёгію пуцінізму і лукашызму, хто супраціўляецца дыктатуры і расейскай агрэсіі супраць Украіны, абвяшчаюцца «нацыстамі», «нашчадкамі фашыстаў».

Лёгіка Пуціна і Лукашэнкі палягае ў тым, што перамога ў вайне іх бацькоў і дзядоў 80 гадоў таму дае права, стварае індульгенцыю на любыя дзеяньні ва ўнутранай і вонкавай палітыцы. Варта нагадаць, што ўкраінцы — таксама нашчадкі пераможцаў, але іх запісалі ў «нацысты».

Яшчэ Лукашэнка заявіў, паказваючы кінадакумэнты пра вайну і генацыд:

«Ня час разважаць пра траўмаваную псыхіку дзяцей, якія могуць убачыць гэтыя страшныя здымкі і відэа, якія мы часта дэманструем». Бо, маўляў, ідзе інфармацыйная вайна, якая, як можна зразумець, патрабуе ахвяр.

Афіцыйным урачыстасьцям спадарожнічалі перамовы Лукашэнкі з Пуціным. Напачатку, падчас пратакольных здымкаў, Лукашэнка апраўдваўся за тое, што Беларусь мае свой варыянт сымбаля 9 траўня — чырвона-зялёныя бутаньеркі з яблыневай кветкай, а не выкарыстоўвае георгіеўскую стужку. А таксама за тое, што ў Беларусі існавала свая вэрсія расейскай акцыі «Несьмяротны полк» пад назвай «Беларусь памятае». Гэтая традыцыя паўстала ў той пэрыяд, калі Менск імкнуўся дэманстраваць пэўную самастойнасьць, у тым ліку ў ідэалягічным пляне.

Пасьля 2020 году сытуацыя памянялася, усе расейскія прапагандысцкія наратывы паўтараюцца ў Беларусі. Вось, напрыклад, у Гомлі «Рускі дом» масава раздае георгіеўскія стужкі. А Лукашэнку даводзіцца апраўдвацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія дэпутаты прапанавалі прыраўняць георгіеўскую стужку і сымбаль Z да нацысцкіх і камуністычных сымбаляў