МЗС Літвы нэгатыўна адрэагавала на прапанову Беларускай чыгункі аднавіць пасажырскія зносіны, спыненыя 5 гадоў таму

Цягнікі, якія раней хадзілі зь Вільні ў Менск. Архіўнае фота

Беларуская чыгунка прапанавала калегам зь Літвы, Латвіі й Польшчы аднавіць пасажырскія зносіны зь Беларусьсю.

Міністэрства замежных справаў Літвы адказала на прапанову Беларускай чыгункі аднавіць пасажырскія зносіны паміж краінамі, паведамляе літоўскі партал навінаў 15min.

Адрозна ад прэм’ер-міністра Літвы Гінтаўтаса Палуцкаса, які раней заявіў, што Літва «ня будзе сьпяшацца з адказам на прапанову», МЗС Літвы агучыла выразную пазыцыю: у літоўскім замежнапалітычным ведамстве адзначылі, што не падтрымліваюць ідэю зноў пусьціць пасажырскія цягнікі паміж Вільняй і Менскам.

«МЗС цяпер ня бачыць перадумоваў і падставаў для аднаўленьня пасажырскіх чыгуначных перавозак з Рэспублікай Беларусьсю», — падкрэсьлілі ў міністэрстве.

Паведамляецца, што канчатковае рашэньне літоўскі ўрад прыме на аснове ацэнак шэрагу ведамстваў, у тым ліку Міністэрства ўнутраных спраўва і Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы. Таксама будзе ўлічвацца санкцыйная палітыка Эўразьвязу.

  • Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — прыпынілі міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю ў сакавіку 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу COVID-19, але і па заканчэньні пандэміі ня сталі аднаўляць перавозак. Так, напрыклад, польскі ўрад матываваў абмежаваньні тым, што Беларусь можа выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для міграцыйнага ціску на Польшчу.
  • У канцы красавіка 2025 году Беларуская чыгунка прапанавала Літве, Латвіі й Польшчы аднавіць пасажырскія зносіны, спыненыя 5 гадоў таму.
  • У Літве пацьвердзілі, што атрымалі прапанову і што цяпер яе «абмяркоўваюць адказныя органы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская чыгунка прапанавала Літве, Латвіі і Польшчы аднавіць пасажырскія зносіны, спыненыя 5 год таму