Уладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб прысваеньні міжнароднаму аэрапорту Валгаград гістарычнага найменьня «Сталінград», паведаміла ў аўторак прэс-служба Крамля.
Незадоўга да гэтага агенцтва перадалі, што Пуцін падтрымаў ідэю прысвоіць аэрапорце Валгаграда Гумрак найменьне «Сталінград».
У паведамленьні агенцтва ТАСС у аўторак гаварылася, што гэта была просьба «жыхароў Валгаградзкай вобласьці, вэтэранскай супольнасьці, а таксама ўдзельнікаў СВА». Так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй» ці СВА расейскія ўлады называюць поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.
Просьбу наконт аэрапорта Пуціну, як адзначаецца, перадаў губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў. Пуцін у адказ сказаў, што слова тых, хто папрасіў аб перайменаваньні для яго закон. «Так і зробім. Як толькі вярнуся ў Маскву, адразу ж будзе падрыхтаваны і падпісаны адпаведны ўказ», — прыводзіліся словы Пуціна, сказаныя ім у Валгаградзе. У выніку ён падпісаў указ непасрэдна перад тым, як пакінуць гэты горад.
Раней у красавіку выданьне «Фантанка» пісала, што пецярбурскі аэрапорт Пулкава на тры дні, з 8 па 10 траўня, пераймянуюць у «Ленінград». Тады ж адзначалася, што аналягічная акцыя на тры дні закране аэрапорт Валгаграда, і што рашэньні зьвязаны са сьвяткаваньнем 80-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вялікая Перамога» як палітычны інструмэнт для Пуціна і Лукашэнкі. Аналіз Валера Карбалевіча