Грамадзянін Беларусі Міхаіл Шалгун, якога лічылі зьніклым бязь вестак зь лютага 2025 году, трапіў ва ўкраінскі палон.
«Шалгуна Міхаіла Ўладзімеравіча ўзялі ў палон», — паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць» Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.
Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці.
Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома яшчэ пра двух беларусаў, якія ваявалі ва Ўкраіне на баку Расеі і прапалі бязь вестак на фронцеДругі палонны беларус нядоўга працаваў у калёніі ў Віцебску
У праекце «Хачу жыць» таксама паведамілі, што ў палон узялі яшчэ аднаго беларуса — Жураўлёва Мікалая Аляксандравіча, які нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны.
Жураўлёў Мікалай Аляксандравіч, беларус, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон
Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАЎС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвесткі пра заключэньне шлюбу па стане на 2021 год у дакумэнтах адсутнічаюць.
У дакумэнтах, перададзеных Свабодзе ініцыятывай «Кібэрпартызаны», адзначаецца, што Мікалай Жураўлёў мае сярэднеспэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТУ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на «Смаленскім рынку» у Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўнай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. З 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 года, няма.
Свабода знайшла ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» адзіную старонку з такім імем і з такой жа датай нараджэньня, як і ў ваеннапалоннага беларуса, які ваяваў на баку Расеі.
Апошняя публікацыя на гэтай старонцы датаваная 29 верасьня 2022 году. Адзін зь ягоных сяброў з расейскага горада Клін напісаў яму «Привет десантура, как дела». Мікалай Жураўлёў адказаў: «Нормально всё Володь,ты то сам как?».
У яго ў сябрах шмат людзей з Расеі і з расейскага Кліна, што непадалёк Масквы, а таксама зь Віцебску. Ён падпісаны на старонкі, якія ў Полацку і Віцебску прапануюць аніматараў мядзьведзяў на сьвяты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі дэпутат заявіў, што сярод палонных стала больш беларусаў, якія ваююць на баку Расеі. Што вядомаЦяпер ва ўкраінскім палоне 9 беларусаў
Вось прозьвішчы ўсіх беларусаў, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон:
- Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
- Сяргей Мірончык, нарадзіўся 22 ліпеня 1982 году, жыў у Санкт-Пецярбургу.
- Сяргей Шустаў , нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
- Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
- Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У Беларусі абвяшчалі яго вышук у ліпені 2022 году, пасьля таго, як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага Афанасьеўскага манастыра ў Расею.
- Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
- Дзьмітры Ананчык зь Менску, нарадзіўся ў 2000 годзе. Да вайны працаваў у лягістычных і будаўнічых кампаніях. Мае сярэднюю тэхнічную адукацыю ў спэцыяльнасьці «токар-сьлесар». Падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон у Луганскай вобласьці.
- Міхаіл Шалгун.
- Мікалай Жураўлёў.
Сваякі яшчэ двух грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знайшоўся адзін з трох зьніклых бязь вестак беларусаў, якія ваявалі ва Ўкраіне на баку РасеіАдметна, што расейскае камандаваньне звычайна ўключае грамадзян Расеі, якія зьніклі з месца баявых дзеяньняў, у сьпісы тых, хто самавольна пакінуў вайсковую частку. Але беларусаў, як стала вядома Свабодзе, пакуль у такіх пераліках няма. Не было іх і ў сьпісах абмену.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне назвалі імёны больш як 700 беларусаў, якія ваююць на баку Расеі: 96 зь іх загінулі, 7 — у палоне28 красавіка дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць» Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі абнародаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі. Як і ўсе іншаземцы, грамадзяне Беларусі праходзяць праз адмысловыя пункты адбору на вайсковую службу. Найчасьцей у Маскве ці Падмаскоўі, а таксама ў Растове. Сярод «расейскіх» навабранцаў шмат колішніх зьняволеных.
Згодна з інфармацыяй праекту, Расея за службу ў сваім войску абяцае іншаземцам высокія заробкі або падманам і пагрозамі прымушае іх ісьці ваяваць супраць Украіны.
Выбарачная праверка «Кібэрпартызанаў» паказала, што далёка ня ўсе зь сьпісу мелі пашпарты Рэспублікі Беларусь на 2021 год і маглі іх атрымаць пазьней. Шмат хто набыў грамадзянства Беларусі, першапачаткова яны былі грамадзянамі Расеі ці Ўкраіны.
Сярод тых, хто ваюе на баку Расеі, вялікая колькасьць суджаных, былых супрацоўнікаў МУС і КДБ. Частка грамадзян зь сьпісу даўно не знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, многія працавалі ці адбывалі зьняволеньне ў Расеі.
30 красавіка зьявілася інфармацыя аб тым, што ўраджэнца Беларусі Паўла Глухава расстралялі за адмову ісьці на «мясны штурм» у складзе расейскіх войскаў, імаверна, у Данецкай вобласьці Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася інфармацыя пра расстрэл расейцамі ўраджэнца Беларусі, які адмовіўся ісьці ў «мясны штурм» на ДанбасеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апрылюдніў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.