Былым журналісткам Tut.by Лойцы і Талкачовай вынесьлі завочныя прысуды і назвалі «экстрэмістамі»

Офіс закрытага ўладамі парталу Tut.by. Менск, 2021

Завочны працэс у Менскім гарадзкім пачаўся 4 лютага, але ягоныя дэталі невядомыя.

Справа былых супрацоўніц Tut.by разглядалася завочна і ў закрытым фармаце — цяпер прысуды невядомыя. Згодна з абноўленым 26 красавіка «сьпісам экстрэмістаў» на сайце МУС Вольга Лойка і Алена Талкачова нібыта «адбываюць пакараньне». Насамрэч, журналісткі пакінулі Беларусь у 2022 годзе пасьля вызваленьня з СІЗА, паведаміў БАЖ.

Былая галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блёка партала Tut.by, Вольга Лойка і карэспандэнтка Алена Талкачова 26 красавіка ўнесеныя ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», што рэгулярна абнаўляе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Закрыты завочны працэс над імі пачаўся 4 лютага 2025 года, пра тое, што адбывалася ў ходзе слуханьня, не ведалі ні грамадзкасьць, ні самі фігуранткі. Пры гэтым сярод абвінавачаных значылася і былая юрыдычная кансультантка Tut.by Кацярына Ткачэнка, у абноўленым «сьпісе экстрэмістаў» яе прозьвішча няма.

Судзьдзёй была прызначаная Алена Шылько з Менскага гарадзкога суда.

Як паведамляў праваабарончы цэнтар «Вясна», Вольгу Лойка, Алену Талкачову і Кацярыну Ткачэнку абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»); ч. 2 арт. 243 («Ухіленьне ад аплаты сум падаткаў, збораў»); ч. 3 арт. 361 («Ззаклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»); ч. 3 арт. 130 («Распальваньне расавой, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).

Такія артыкулы пасьля 2020 году звычайна выстаўляюць асобам, якіх перасьледуюць з палітычных матываў.

Гэта быў новы разгляд справы супраць былых супрацоўніц Tut.by Лойкі, Талкачовай і Ткачэнкі. Першы раз справу паводле тых жа артыкулаў КК пачала разглядаць 15 ліпеня 2024 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Валянціна Зянькевіч. Вынік разгляду застаўся невядомы, але праваабаронцы не выключаюць, што справа была вернутая пракурору.

Выстаўленае абвінавачаньне пагражала фігурантам справы зьняволеньнем да 12 гадоў.

Пасьля 2020 году ўлады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сярод разгромленых СМІ быў і папулярны ў Беларусі партал Tut.by.

Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава і гендырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна застаюцца за кратамі пасьля вынясеньня ім выракаў па 12 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе.

Праваабарончая супольнасьць прызнала Золатаву і Чэкіну палітзьняволенымі.

Вольгу Лойка затрымалі ў траўні 2021 году, як і юрысконсульта Кацярыну Ткачэнку. Праз 10 месяцаў абедзьве выйшлі на волю пад падпіску пра нявыезд. Алена Талкачова таксама была затрыманая ў траўні 2021 году, выйшла на волю да суду ў ліпені 2022 году, праз 14 месяцаў. Суд у справе Tut.by пачаўся ў студзені 2023 г, на яго Лойка, Талкачова і Ткачэнка не зьявіліся, бо тады ўжо выехалі за мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў» лічаць Беларусь «галоўным турэмшчыкам журналістаў» у Эўропе, агенцтва AP расказала пра некаторых зь іх

Перасьлед былых супрацоўнікаў Tut.by

10 красавіка 2023 году паведамлялася, што Менскі гарадзкі суд аштрафаваў на 500 базавых велічыняў (на той момант 18 500 рублёў) кожнага паручальніка Талкачовай і Лойкі, якія пакінулі Беларусь.

Паручальнікамі Талкачовай былі палітоляг Яўген Прэйгерман і на той момант дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, Лойкі — старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандар Швец.

Паручальнікаў выклікалі ў суд на падставе арт. 134 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу («Парадак накладаньня грашовага спагнаньня і вяртаньня закладу ў даход дзяржавы»). Рашэньні вынесла згаданая Зянкевіч.

Менавіта яна пакарала галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву і гендырэктарку «Тут Бай Медыя» Людмілу Чэкіну 12 гадамі пазбаўленьня волі.

Іншыя абвінавачаныя — рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку Лойка, журналістка Талкачова і юрысконсульт Ткачэнка — на працэс не зьявіліся, бо пасьля вызваленьня з-пад варты пакінулі краіну. Іх абвясьцілі ў вышук.

Чэкінай, Золатавай, Лойцы і Талкачовай у справе былі інкрымінаваныя арт. 243, 130, 361 КК. Ткачэнку абвінавачвалі паводле артыкулаў 243 і 342 КК.

У кастрычніку 2022 году Золатаву, Чэкіну, Лойку і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Агулам у «справе Tut.by» былі затрыманыя 15 чалавек. Зь цягам часу агульная колькасьць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазьней пад вартай засталіся двое (Золатава і Чэкіна).

Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі Tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 году. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж году стварыла праект Zerkalo.io, які прытрымліваецца традыцый Tut.by. У Беларусі і Расеі доступ да сайту заблякаваны. Кантэнт сайту ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Трэцяга сьнежня 2020 году Эканамічны суд Менску пазбавіў партал Tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 году — прызнаў ТАА «Тут Бай Медыя» «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У чэрвені 2023 году Лойка заснавала на эміграцыі аўтарскі мэдыяпраект Plan B, які асьвятляе падзеі ў Беларусі.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Марыне Золатавай прысудзілі міжнародную прэмію за свабоду слова і прэсы