Ксяндза Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня, ён віны не прызнаў

Айцец Анджэй Юхневіч

Як даведаліся вернікі, сьвятар цалкам адмаўляў абвінавачваньні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць.

Другі каталіцкі сьвятар у Беларусі асуджаны да працяглага тэрміну зьняволеньня. 30 красавіка ў Шуміліне вынесьлі прысуд айцу Анджэю Юхневічу, пробашчу мясцовага санктуарыя Маці Божай Фацімскай. Афіцыйна пра гэта пакуль не паведамляюць, але вернікі даведаліся, што сьвятар асуджаны да 13 гадоў зьняволеньня, пры тым, што абвінавачваньне настойвала на тэрміне ў 15 гадоў, піша Katolik.life.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. У чым канкрэтна абвінавацілі сьвятара, якога першапачаткова затрымлівалі з «палітычных» матываў — невядома. З судовага раскладу вынікала, што яму інкрымінавалі тры крымінальныя артыкулы, якія тычацца палавых зносінаў зь непаўналетнімі. Таксама было ўказана, што працэс вяла старшыня суду Шумілінскага раёну Іна Грабоўская.

Як даведаліся вернікі, сьвятар цалкам адмаўляў абвінавачваньні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць. Аб сфабрыкаванасьці справы можна было меркаваць па ўскосных прыкметах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прагматычны падыход Ватыкана. Чаму Касьцёл маўчыць пра рэпрэсіі над сьвятарамі

Наколькі вядома вернікам, абвінавачваньне будавалася на паказаньнях адной або некалькіх «ахвяр» — ня выключана, што яны давалі іх пад ціскам. Па тых зьвестках, якія дайшлі да крыніцаў выданьня, у справе ксяндза гаворка ідзе пра падзеі прыкладна 10-гадовай даўніны, таму пабудаваць абвінавачваньні маглі толькі на сумніўных паказаньнях.

Анджэй Юхневіч у судзе трымаўся добра. У дыяцэзіі гаварылі, што ніколі не атрымлівалі скаргаў на айца Анджэя.

У адрозьненьне ад прысуду ксяндзу Генрыху Акалатовічу ў Менску, на які не прыйшлі ні біскупы, ні сьвятары, на суд над айцом Анджэем кожны раз прыяжджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У пасёлку бачылі, як у час паседжаньняў ён ішоў у капліцу і маліўся там.

Прысуд не ўступіў у сілу, падобна, ксёндз будзе яго абскарджваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: ксёндз Акалатовіч паведаміў, што яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Польшчы і Ватыкана