У Латвіі прапанавалі забараніць паездкі ў Беларусь дэпутатам і супрацоўнікам парлямэнту

Парлямэнт Латвіі, архіўнае фота

Падставай ініцыятывы стала пабойваньне, што Беларусь і Расея актыўна вядуць выведныя дзеяньні супраць Латвіі.

Забарону на паездкі ў Беларусь і Расею плянуюць увесьці ня толькі для тых, хто працуе ў дзяржаўнай адміністрацыі, але і для дэпутатаў Саэймы і супрацоўнікаў парлямэнту — такую прапанову падтрымала камісія латвійскага парлямэнту па абароне, унутраных справах і перадухіленьні карупцыі, паведамляе Delfi.lv. Канчатковае рашэньне павінна прыняць Саэйма.

Раней латвійскі парлямэнт ужо падтрымаў у першым чытаньні законапраект, які прадугледжвае забарону на паездкі ў Беларусь і Расею для дзяржаўных службоўцаў — у прыватнасьці для вызначанага кола асобаў, якія працуюць у дзяржаўнай адміністрацыі.

Забарону таксама плянуюць распаўсюдзіць на тых, хто мае спэцыяльны дазвол на доступ да дзяржаўнай таямніцы, адказных за бясьпеку крытычнай інфраструктуры, а таксама на супрацоўнікаў міністэрстваў абароны, унутраных спраў і юстыцыі, падведамных ім установаў, вайсковых аб’ектаў, Бюро па перадухіленьні і барацьбе з карупцыяй, падатковай і мытнай паліцыі, а таксама на мытных службовых асобаў Службы дзяржаўных даходаў Латвіі. Акрамя таго, забарона будзе тычыцца тых, хто працуе ў дыпляматычнай ці консульскай службе, а таксама ва ўстановах судовай улады і пракуратуры.

Згодна з законапраектам, забарона будзе распаўсюджвацца і на транзытнае перасячэньне тэрыторый Беларусі і Расеі.

Забарона ня будзе дзейнічаць у тых выпадках, калі выезд неабходны па службовых абавязках ці з гуманных меркаваньняў і калі чалавек атрымаў дазвол на часовы выезд з Латвіі.

У выпадку парушэньня забароны працаўніка могуць звольніць са службы.

Законапраект ініцыявала Камісія нацыянальнай бясьпекі Латвіі, якая падкрэсьліла, што Беларусь і Расея «ўсё больш актыўна вядуць выведныя дзеяньні супраць Латвіі, і для дасягненьня сваіх мэтаў могуць выкарыстоўваць любога грамадзяніна Латвіі, які перасякаў мяжу гэтых краін».

Адзначаецца, што нягледзячы на рэкамэндацыі МЗС і Службы дзяржаўнай бясьпекі Латвіі ў інтарэсах як дзяржавы, так і асабістай бясьпекі не выяжджаць ні ў Расею, ні ў Беларусь, колькасьць тых, хто выяжджае ў гэтыя краіны, працягвае расьці.

Каб законапраект набыў моц, яго мусяць падтрымаць у другім і трэцім чытаньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія абавяжа беларусаў і расейцаў апавяшчаць пра ўезд з краінаў Шэнгену
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія працягнула забарону на ўвоз зь Беларусі сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў для жывёл