Стаў вядомы прысуд у справе аб спробе падрыву чыгуначнага складу ў Талачынскім раёне. Прысуд выносіў Менскі гарадзкі суд.
Як напісала Генэральная пракуратура, прысуд вынесьлі яшчэ 18 сьнежня 2024 году. У «справе аб спробе падрыву чыгуначнага саставу ў Талачынскім раёне» судзілі трох чалавек. Беларусаў Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага і ўкраінца Івана Ліхалата.
Прысуд выносіла судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч, даўно вядомая актыўным удзелам у палітычна матываваных судах.
Найменшы тэрмін — 11 гадоў калёніі — атрымаў Іван Бародзіч. 25 гадамі калёніі пакаралі Барыса Пухальскага, а Івану Ліхалату прысудзілі 20 гадоў калёніі.
«Абвінавачаныя на працягу 2023 году пры злачынным узаемадзеяньні з прадстаўнікамі ўкраінскіх спэцслужбаў зьбіралі і падавалі ім зьвесткі. Яны таксама выконвалі іншыя заданьні, якія маглі нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Так, Пухальскі і Ліхалат зьдзейсьнілі спробу падрыву на ўчастку чыгункі ў Талачынскім раёне. Названыя дзеяньні кваліфікаваныя як замах на акт тэрарызму па ч.1 арт. 14, ч. 3 арт. 289 КК і замах на прывядзеньне ў непрыдатнасьць сродкаў чыгуначнага транспарту па ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 309 КК», — напісалі сілавікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць украінца і двух беларусаў, якіх назвалі «агентамі СБУ». Ім пагражае сьмяротнае пакараньнеБеларусы падалі апэляцыйныя скаргі на прысуд: яны аспрэчвалі кваліфікацыю сваіх дзеяньняў, а таксама прасілі зьмяніць прысуд і зьнізіць тэрмін пакараньня. Грамадзянін Украіны не падаваў апэляцыі.
Як паведамілі ў Генпракуратуры, прысуд ужо ўступіў у сілу, неўзабаве палітвязьняў этапуюць у калёніі.
Пра затрыманьне шасьці чалавек КДБ паведаміў 11 верасьня. Пра гэта стала вядома зь фільму, які паказалі ў той дзень адразу на ўсіх дзяржаўных каналах.
На відэа некаторыя з затрыманых выглядалі пабітымі, некаторых на сьледчых дзеяньнях водзяць у ланцугах, аднаго з затрыманых здымалі на відэа ў СІЗА КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму партызан у Беларусі большы герой, чым салдат на фронце. Меркаваньне вэтэрана батальёну «Айдар»