КДБ заявіў, што ў Беларусь «даставілі» былога байца палка Каліноўскага і апазыцыйнага актывіста

Будынак КДБ Беларусі, ілюстрацыйнае архіўнае фота

Затрыманыя Васіль Грачыха і Павал Бялюцін, паводле КДБ Беларусі, нібыта плянавалі сілавое зьвяржэньне ўлады і дронавую атаку на БелАЭС у 2020 годзе.

КДБ арыштаваў актывіста Паўла Бялюціна, кадры зь ім у аэрапорце паказалі дзяржаўныя СМІ.

Павел Бялюцін быў актывістам «Народнай грамады». У кадрах з аэрапорта Бялюціна выводзяць з самалёта і перадаюць двум мужчынам з павязкамі «КДБ» на рукавах, а затым саджаюць у машыну.

Паводле сьцьвярджэньня прапагандыстаў, Бялюцін нібыта ўваходзіў у Віленскую харугву і «трэніраваўся па ваенізаваным узоры», а ў 2020 годзе нібыта быў сярод тых, хто плянаваў атаку дронаў на БелАЭС. Доказаў гэтаму не прыводзіцца.

Як піша «Наша ніва», 24 красавіка стала вядома, што Павел Бялюцін зьнік у Польшчы, ягоная жонка казала, што апошні раз ён выходзіў на сувязь за два тыдні да таго. У 2022 годзе Павел Бялюцін быў прысуджаны ў Беларусі да «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады.

Паводле жонкі, ён жыў у Вільні, але некалькі месяцаў таму Літва абвясьціла яго пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Тады ён зьехаў адтуль «у Эўропу, шукаць працу».

У той ж дзень паказалі арыштаванага экс-каліноўца Васіля Грачыху. Сюжэт пра затрыманьне Васіля Грачыхі паказалі па БТ. Пры гэтым невядома, якім чынам і дзе яго арыштавалі.

У сюжэце БТ паказваюць, як сілавікі ў амуніцыі выводзяць мужчыну з вайсковага верталёта, на галаве ў яго мех, рукі зьвязаныя будаўнічай сьцяжкай.

Як расказалі сказана ў сюжэце БТ, Васіль у лютым 2022 году выехаў у Польшчу і праз тры месяцы ўступіў у Полк імя Каліноўскага.

Допыт добраахвотніку на камэру зрабіў начальнік Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.

БелТА паведаміла, што супрацоўнікі КДБ «даставілі ў Беларусі з-за мяжы двух абвінавачаных, якія плянавалі сілавое зьвяржэньне ўлады, у тым ліку атаку дронаў на Беларускую АЭС.

«Дастаўка ў Беларусь Паўла Бялюціна — гэта апагей зьнешняй выведкі, якая доўжылася 732 дні. Усе падрабязнасьці апэрацыі будуць прадстаўлены пазьней», — сказаў начальнік Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.

Грачыху КДБ назваў «зьбеглым тэрарыстам», які ваяваў у палку Каліноўскага.

У канцы 2024 года ў Віетнаме быў затрыманы і перададзены Беларусі экс-баец Палка Каліноўскага Васіль Верамейчык. Пасьля заканчэньня службы ён спрабаваў легалізавацца ў Літве, але быў аб'яўлены «пагрозай нацыянальнай бясьпекі» і атрымаў забарону на ўезд у краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапаганда паказала экстрадаванага ў Беларусь зь Віетнаму экс-каліноўца Верамейчыка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трох мужчынаў асудзілі да 25 гадоў калёніі за спробу падрыву чыгуначнага саставу каля Талачына