Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава і Беларуская асацыяцыя журналістаў сталі сёлетнімі ляўрэатамі прэміі Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека, паведаміў Tagesspiegel з спасылкай на dpa.
Прэмію ўручаць 9 траўня ў Кёльне.
Марыя Калесьнікава — «сымбалічная фігура, якая прадстаўляе многіх людзей, якія ахвяравалі сваёй свабодай і жыцьцём дзеля свабоднай і дэмакратычнай Беларусі», адзначылі арганізатары прэміі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала прэмію за шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова.
«Гэтая прэмія для нас – яшчэ адна важная магчымасьць нагадаць пра 40 журналістаў і журналістак, якія сёньня знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі за сваю прафэсію. Патрабаваньне вызваліць мэдыйшчыкаў павінна гучаць на ўсіх міжнародных пляцоўках, бо гэтыя людзі проста ўзятыя ў закладнікі за сваю працу. У цэнтры Эўропы як мінімум 1200 палітзьняволеных, сярод якіх 40 журналістаў», — прыводзіць БАЖ словы намесьніка старшыні Барыса Гарэцкага.
Раней ляўрэатамі прэміі былі Аляксей Навальны, Джуліян Асанж, Эўрапейская журналісцкая абсэрваторыя, ізраільская і палестынская ініцыятывы Women Wage Peace і Women of the Sun.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ фіксуе новую хвалю ціску на журналістаў і іхных родных у БеларусіХраналёгія перасьледу Марыі Калесьнікавай
- 7 верасьня 2020 году Марыю Калесьнікаву ў цэнтры Менску выкралі сілавікі. Яны адвезьлі Марыю, а таксама яе калегаў у штабе Івана Краўцова і Антона Раднянкова, на мяжу з Украінай і спрабавалі іх сілком выправадзіць з краіны. Калесьнікава адмовілася пакідаць Беларусь: яна парвала пашпарт, выскачыла з машыны і вярнулася на беларускі бок, дзе яе зноў затрымалі.
- У верасьні 2021 году суд прыгаварыў Марыю Калесьнікаву да 11 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яе вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: змова з мэтай захопу ўлады; заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы; стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім. Яе і адваката Максіма Знака судзілі за зачыненымі дзьвярыма. Праваабаронцы прызналі Марыю Калесьнікаву палітзьняволенай. Беларускія ўлады ўнесьлі яе ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
- У лістападзе 2022 году Калесьнікавай зрабілі экстраную апэрацыю ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, куды яе даставілі ў цяжкім стане. У палітзьняволенай дыягнаставалі пэрытаніт (запаленьне брушыны), які стаў ускладненьнем прабадной язвы. Тады ж яна апошні раз бачылася з бацькам — ён наведаў яе ў мэдчастцы. Пасьля гэтага Калесьнікава знаходзілася ў рэжыме інкамунікада больш за паўтара года.
- 23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію брытанскаму журналісту Стывэну Розэнбэргу сказаў, што гатовы разгледзець магчымасьць памілаваньня палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, калі паступіць такая просьба, і заявіў, што яе сям’я, магчыма, ня хоча сустрэцца зь ёю. Сястра Калесьнікавай Тацяна Хоміч зьняпраўдзіла заявы Лукашэнкі, што сям’я Марыі нібыта ня хоча зь ёю сустрэцца, і сказала, што пасьля гэтых заяваў сям’я зноў будзе дамагацца спатканьня зь ёю, хоць усе папярэднія спробы скончыліся няўдала.
Гюнтэр Вальраф — нямецкі пісьменьнік і журналіст, адзін з сымбаляў расьсьледвальніцкай журналістыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымліваем абрыўкі інфармацыі пра яе». Сястра Марыі Калеснікавай расказала Свабодзе апошнія навіны ад яе