Выбары новага папы ўзмацнілі дыскусіі ў аб цэлібаце каталіцкіх сьвятароў: так было не заўсёды

Кардынал П’етра Паралін пачынае канкляў для выбараў новага папы. Рым, 7 траўня 2025 году

Калі і чаму цэлібат стаў абавязковым для папы Рымскага і рыма-каталіцкага сьвятарства? Пра што спрачаюцца на гэты конт і чаго чакаюць у будучыні.

Пасьля царкоўнага расколу сьвятарам у праваслаўі дазволена жаніцца, але для рыма-каталіцкіх сьвятароў захоўваецца цэлібат.

Патрабаваньне да сьвятарства захоўваць цэлібат горача абмяркоўваецца ў Каталіцкай царкве стагодзьдзямі, з частымі заклікамі дапусьціць жанатых мужчын — і жанчын — да сьвятарства. Аднак цэлібат не заўсёды быў абавязковым: у раньняй хрысьціянскай царкве многія сьвятары — і больш чым адзін папа — мелі жонак. Пра гэта ў дасьледаваньні піша журналіст ВВС Свамінатан Натараджан.

Ватыкан налічвае 267 пантыфікаў, пачынаючы зь сьвятога Пятра. Ён быў жанаты (у Эвангельлях згадваецца, што Ісус ацаліў яго сьвякроў). У артыкуле, апублікаваным на сайце Ватыкану, прызнаецца, што ў раньнія гады «біскупы, сьвятары і дыяканы раньняй Царквы часта былі сямейнымі».

«Таксама відавочна... што наступнымі стагодзьдзямі жанатае сьвятарства, у большай ці меншай колькасьці, было звычайнай рысай жыцьця Царквы», — гаворыцца ў артыкуле. Таксама былі вядомыя жанатыя папы, «напрыклад, папа Гармізд (514–523), бацька папы Сыльвэрыя, свайго пераемніка».

Шмат гісторыкаў раньняга хрысьціянства лічаць, што Пятро і Гармізд былі не адзінымі.

«Першыя 39 папаў былі жанатымі мужчынамі», — кажа Лінда Пінта, сустаршыня амэрыканскай групы «Каталікі за выбар», якая выступае за інклюзіўнае сьвятарства.

Былая манашка, якая пакінула царкву, каб выйсьці замуж за былога сьвятара, сьцьвярджае, што ў вучэньні Ісуса няма выразнага патрабаваньня цэлібату. Іншыя экспэрты, зь якімі гутарыла BBC, пагадзіліся з тым, што ў многіх раньніх царкоўных лідэраў, падобна, былі жонкі.

Манахі ў Рыме пасьля абраньня новага папы 8 траўня 2025 году

Прафэсар Кім Гэйнс-Айцэн з Корнэльскага ўнівэрсытэту ў ЗША, экспэрт у раньнім хрысьціянстве, заявіла BBC, што «на самым раньнім этапе відавочныя доказы таго, што сьвятары былі жанатыя». Яна сьцьвярджае, што хрысьціянства зьмянілася пасьля таго, як яно пашырылася з сваіх габрэйскіх каранёў на грэка-рымскі сьвет і ўвабрала ў сябе ідэі самадысцыпліны, такія як самакантроль, самота і цэлібат. Тады імпэратар Канстантын абвясьціў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй, што надало папам актыўную палітычную ролю.

«Папы звычайна належалі да арыстакратычных рымскіх семʼяў ці былі сябрамі германскіх імпэратараў», — кажа Ніеў Мідлтан, былая выкладчыца тэалёгіі і філязофіі ў Дублінскім унівэрсытэце.

«Для папаў, біскупаў і сьвятароў было звычайнай справай жаніцца і мець палюбоўніц. Усё гэта, разам з сэксуальнай распустай у „цёмныя вякі“ папства, а таксама праблемай сыманіі — продажу царкоўных пасадаў дзеля прыбытку — падштурхнула Грыгора пачаць маштабныя царкоўныя рэформы», — сказала Мідлтан.

Сучасныя погляды рыма-каталіцкай царквы на цэлібат у значнай ступені сфармаваліся «сукупнасьцю тэалягічных ідэяў, якія разьвіваліся ў XI і XII стагодзьдзях».

Як выбіралі папу. ФОТА

Што Біблія кажа пра сьвятарскі цэлібат і як ён стаў правілам

Тыя, хто падтрымлівае ідэю аб захаваньні сьвятарамі цэлібату, прыводзяць у прыклад самога Ісуса: у чатырох Эвангельлях Новага Запавету няма згадкі пра ягоную жонку. У Эвангельлі ад Мацея, у 19-м разьдзеле, Ісус рэкамэндуе цэлібат тым, хто гатовы на яго «дзеля Валадарства Нябеснага».

У пасланьнях, якія прыпісваюцца Паўлу, апостал кажа, што было б лепш, каб усе былі нежанатыя і трымалі цэлібат, як ён. Хоць у сваім першым пасланьні да Цімафея ён кажа, што біскупы павінны жаніцца толькі адзін раз. Сапраўды, раньнія хрысьціяне часта ўхвалялі ўстрыманьне ад палавых адносінаў. Двое найвыбітнейшых тэолягаў Царквы, сьвяты Аўгустын і сьвяты Тамаш Аквінскі, прапагандавалі цэлібат для сьвятарства як найлепшы спосаб прысьвяціць сябе духоўным заняткам. Але шлях да цэлібату як абавязковага правіла быў доўгім і супярэчлівым.

У 325 годзе нашай эры на Нікейскім саборы, скліканым рымскім імпэратарам Канстантынам, абмяркоўвалі практыку сьвятарскага цэлібату. У 692 годзе Трульскі сабор зрабіў цэлібат абавязковым патрабаваньнем для біскупаў, але яго ўсё яшчэ не выконвалі аднастайна. Цэлібат сьвятарства быў адным з фактараў, якія спрыялі «Вялікаму расколу» паміж Каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі ў XI стагодзьдзі (як і падчас пратэстанцкай Рэфармацыі праз больш як 400 гадоў).

Грыгарыянскія рэформы XI стагодзьдзя і два Лятэранскія саборы 1123 і 1139 гадоў увялі яшчэ стражэйшае ўстрыманьне. У рэшце рэшт, пасьля Рэфармацыі XVI стагодзьдзя і Трыдэнцкага сабору (1545–1563) цэлібат стаў вызначальнай рысай каталіцкага сьвятарства заходняга абраду.

Каталіцкі погляд на сьвятарства тады «не дазваляў сьвятару быць падобным да іншых мужчын і мець жонку, бо на імшы ён прадстаўляў Хрыста, які сам быў нежанаты», — тлумачыць BBC доктар Джэймс Келі з Дарэмскага ўнівэрсытэту. «Сям’ёю сьвятара цяпер стала яго паства. Таму і Царква, і сьвецкія чакалі захаваньня сьвятаром цэлібату», — дадае ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Леў XIV. Канкляў у Ватыкане абраў новага папу, ім стаў кардынал з ЗША

Парушальнікі правілаў

Нягледзячы на гэта, некаторыя папы былі законна жанатыя да свайго пасьвячэньня. Лічыцца, што вышэйзгаданы сьвяты Гармізд (514–523) на момант свайго абраньня быў удаўцом, а пасьля таго, як Адрыян II (867–872) быў прызначаны папам ва ўзросьце 75 гадоў, ягоныя жонка і дачка жылі зь ім у Лятэранскім палацы (пакуль іх ня выкралі і не забілі, паводле «Аналаў сьвятога Бэртына» IX стагодзьдзя).

Лічыцца, што Ян XVII (1003) і Клімэнт IV (1265–1268) таксама былі жанатыя да таго, як стаць папамі, у той час як іншыя мелі незаконныя сувязі і дзяцей ад іх. Лічыцца, што дзьве ўплывовыя італьянкі — няшлюбныя дочкі кардыналаў, якія сталі папамі Рымскімі.

Манахіні ў Рыме, 9 траўня 2025

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак паабяцаў вырашыць праблему цэлібату

Будучыня цэлібату

Нягледзячы на тое, што Каталіцкая царква праявіла пэўную гнуткасьць (правілы паслабілі, каб задаволіць патрэбы жанатых сьвятароў з англіканскай і іншых хрысьціянскіх цэркваў, а жанатых мужчын даўно пасьвячаюць у сьвятары ўва ўсходнім абрадзе), і папа Францішак, і яго папярэднік папа Бэнэдыкт XVI абаранялі сьвятарскі цэлібат. Прафэсар Гэйнс-Айцэн чакае, што царква ў рэшце рэшт прыме жанатых сьвятароў у сельскай мясцовасьці і пасьвяціць жанчын, але лічыць, што «мы наўрад ці пабачым жанатага папу ў XXI стагодзьдзі».

Былая францішканская манашка Лінда Пінта, якая нядаўна адзначыла 50-ю гадавіну вясельля, цяпер ужо маці і бабуля. Яна не чакае ніякіх зьменаў што да цэлібату.

«Яны ня будуць распаўсюджваць яго на людзей, якія нарадзіліся, пахрысьціліся і выхаваліся ў Каталіцкай царкве», — робіць выснову яна.

У праваслаўных цэрквах сьвятарам дазваляецца жаніцца і ствараць семʼі. Гэты дазвол дзейнічае і ва Ўкраінскай і Беларускай грэка-каталіцкіх цэрквах, якія з XVI стагодзьдзя падпарадкоўваюцца Рыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ватыкане пачынаюць выбіраць новага папу, зьехалася рэкордная колькасьць кардыналаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыадкрытая тайна перапіскі Яна Паўла ІІ з закаханай у яго амэрыканскай полькай