Канкляў у Ватыкане ня змог абраць папу Рымскага з другой спробы

Людзі на плошчы Сьвятога Пятра ў Ватыкане на другі дзень канклява, які абірае новага папу. Рым, 8 траўня 2025

Канкляў Каталіцкай царквы зноў ня змог абраць папу рымскага, пра гэта сьведчыць чорны дым з трубы на даху Сіксьцінскай капэлі раніцай 8 траўня.

Прадугледжваецца, што ў чацьвер можа прайсьці да 4 раундаў галасаваньня.

Выбары 267-га папы пачаліся ў сераду 7 траўня, для абраньня кандыдату трэба набраць 89 галасоў кардыналаў са 133, якія ўдзельнічаюць у галасаваньні.

Пасьля кожнага падліку галасоў у каміне Сікстынскай капэлі запальваюць дровы — фарбавальнік зробіць дым белым, калі галасаваньне завершыцца посьпехам, да гэтага дым чорны.

Чорны дым над дахам Сіксьцінскай капэлі

Фармальна папам могуць выбраць любога нежанатага каталіка, але на практыцы з 1389 года на чале царквы абіраюць аднаго з кардыналаў.

Імёны кандыдатаў загадзя не вызначаны, хаця экспэрты і букмэкеры выказваюць свае гіпотэзы. Вынікі прамежкавых галасаваньняў не раскрываюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ватыкане пачынаюць выбіраць новага папу, зьехалася рэкордная колькасьць кардыналаў