Апэляцыйны суд ЗША скасаваў прыпыненьне фінансаваньня Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе

Апэляцыйны суд ЗША вынес рашэньне, якое дае магчымасьць Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) атрымаць сродкі, вылучаныя Кангрэсам ЗША.

Гэтыя рэсурсы неабходныя кампаніі, каб працягнуць працу ў найбліжэйшыя тыдні. Суд прыпыніў рашэньне, вынесенае літаральна за некалькі гадзінаў да гэтага калегіяй з трох судзьдзяў таго ж суду.

Новае рашэньне было прынята позна ўвечары 7 траўня поўным складам (11 судзьдзяў) Апэляцыйнага суду ЗША акругі Калюмбія. Суд абвясьціў «адміністрацыйную адтэрміноўку» на папярэдняе рашэньне калегіі, якая прыпыніла пастанову ніжэйшага суду ў справе паміж RFE/RL і Агенцтвам глябальных мэдыя ЗША (USAGM).

RFE/RL падала ў суд на USAGM, дамагаючыся разблякаваньня замарожаных бюджэтных сродкаў на другую палову бягучага фінансавага году — з красавіка да верасьня.

29 красавіка акруговы судзьдзя ЗША Ройс Ламбэрт выдаў гэтак званую часовую забарону — загад, у якім пастанавіў, што Кангрэс «прадпісваў, каб грошы, пра якія ідзе гаворка, былі выдзеленыя RFE/RL», і што прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў бюджэтную рэзалюцыю, якая ўключае гэтыя сродкі. Судзьдзя загадаў выплаціць RFE/RL за красавік каля 12 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у ЗША загадаў пералічыць Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ухваленыя Кангрэсам сродкі за красавік

Аднак 7 траўня калегія Апэляцыйнага суду з трох судзьдзяў прыняла рашэньне (два супраць аднаго) аб прыпыненьні выкананьня загаду Ламбэрта на час разгляду апэляцыі. Гэта зьнізіла шанцы RFE/RL атрымаць красавіцкае фінансаваньне ў найбліжэйшы час і паставіла дзейнасьць мэдыякарпарацыі пад яшчэ большую пагрозу.

Празь некалькі гадзінаў поўны склад суду (11 судзьдзяў) адрэагаваў на тэрміновую пэтыцыю з боку RFE/RL і прыпыніў рашэньне калегіі «да наступнага распараджэньня суду».

У сваім рашэньні, якое таксама закранала іншыя справы, зьвязаныя з USAGM, суд падкрэсьліў, што адтэрміноўка накіраваная на тое, каб суд меў «досыць часу для разгляду тэрміновых пэтыцыяў і не павінна ўспрымацца як рашэньне па сутнасьці гэтых пэтыцыяў».

Гэтае рашэньне было прынята 7 галасамі супраць 4. Усе чатыры судзьдзі, прызначаныя рэспубліканцамі, галасавалі супраць.

Гэта азначае, што USAGM зараз павінна выканаць загад Ламбэрта ад 29 красавіка аб выплаце сродкаў для RFE/RL.

Нягледзячы на тое, што адміністрацыйная адтэрміноўка не зьяўляецца канчатковым рашэньнем суду, USAGM можа падаць апэляцыю ў Вярхоўны суд ЗША, які можа прыняць справу да разгляду або адмовіцца яе разглядаць.

RFE/RL — незалежная міжнародная мэдыякарпарацыя, чые праграмы на 27 мовах сягаюць штотыднёвай аўдыторыі ў амаль 50 мільёнаў чалавек у 23 краінах.

  • Юрыдычная барацьба Радыё Свабодная Эўропа з Агенцтвам глябальных мэдыя ЗША цягнецца ад 14 сакавіка, калі Дональд Трамп падпісаў выканаўчы загад, які прадугледжвае скарачэньне USAGM і падкантрольных ёй мэдыя — у тым ліку «Голасу Амэрыкі», якая, у адрозьненьне ад RFE/RL, зьяўляецца фэдэральнай установай — «у максымальна магчымай ступені, адпаведнай заканадаўству».
  • Без фінансаваньня на красавік і далей, RFE/RL працягвала вяшчаць, але была вымушаная пайсьці на радыкальныя захады эканоміі: сотні супрацоўнікаў адправілі ў вымушаны адпачынак, многія кантракты з пазаштатнымі супрацоўнікамі былі скасаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыё Свабода змагаецца за выжываньне. Зварот рэдакцыі