Затрымалі малодшага брата палітвязьня Ігара Лосіка — Мікіту. Як паведаміў фонд «Краіна для жыцьця», гэта здарылася яшчэ ў сярэдзіне красавіка, цяпер ён у зьняволеньні.
Крыніцы Свабоды пацьвярджаюць затрыманьне ў Воршы на пачатку красавіка.
Паводле нашай інфармацыі, 25-гадовага Мікіту Лосіка вінавацяць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн».
Супраць Мікіты завялі крымінальную справу. Лосіка трымаюць у Віцебскім СІЗА.
Сёлета ў лютым стала вядома, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі гаюн». Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і заявіў пра спыненьне працы каналу. Свабодзе вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў, падставай для якіх сталі прысланыя вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай. Арыштаваным выставілі абвінавачаньні ў «спрыяньні экстрэмізму» паводле 4-й часткі 361-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яна прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі або пазбаўленьня волі да сямі гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш за ўсё на Гомельшчыне». Пасьля ўзлому «Гаюна» прайшло больш за два месяцы: што вядома пра зьвязаныя з гэтым арыштыПерасьлед Ігара Лосіка
Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазьней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. 41 дзень (з 15 сьнежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўленьня новых абвінавачаньняў у «рыхтаваньні да ўдзелу ў масавых беспарадках». Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга абвінаваўчага артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.
14 сьнежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Камэнтуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспэртызы і ніводнага допісу, які б даказваў яго віну паводле выстаўленых абвінавачаньняў.
18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленьне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.
Пасьля прысуду Ігара Лосіка трымаюць у Наваполацкай калёніі № 1. Шмат месяцаў ён правёў у памяшканьні камэрнага тыпу, ня раз яго пасылалі ў штрафны ізалятар. Праваабаронцам стала вядома, што ў сакавіку 2023 году Ігар у адказ на прэсінг адміністрацыі калёніі лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Усе адвакаты Ігара Лосіка (а іх было ня менш за 4) былі вымушаныя або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй. Апошняя, пятая па чарзе абаронца з Наваполацкай адвакацкай канторы сама прапанавала бацькам Ігара скасаваць дамову, калі даведалася, хто яе падабаронны і які тэрмін ён атрымаў. Вядома, што апошні ліст ад сына бацькам прыйшоў 20 лютага 2023 году.
Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзьняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманьнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы Лосіка за краты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігара Лосіка ўключылі ў сусьветны топ зьняволеных журналістаў