Кіраўнікі Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Польшчы і Францыі прыбылі ў Кіеў на саміт «Кааліцыі ахвочых»

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм'ер Вялікабрытаніі Кір Стармэр, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у Кіеве. 10 траўня 2025

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністры Польшчы і Вялікабрытаніі Дональд Туск і Кір Стармэр, а таксама новы канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц прыбылі ў Кіеў 10 траўня на сустрэчу «Кааліцыі ахвочых».

Кіраўнікі дзяржаў апублікавалі ў сацыяльных сетках сумеснае фота з цягніка.

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр у цягніку па дарозе ў Кіеў

Эўрапейскіх лідараў сустрэлі міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга і кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода

«Мы рады вітаць у Кіеве Кааліцыю рашучых, — адзначыў Ярмак у тэлеграме,— Тут шмат працы, шмат тэм для абмеркаваньня. Мы павінны скончыць гэтую вайну справядлівым мірам. Нам трэба прымусіць Маскву пагадзіцца на спыненьне агню».

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармэр, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у Кіеве. 10 траўня 2025

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў пра правядзеньне саміту Кааліцыі ахвочых у суботу 10 траўня, і, паводле паведамленьняў СМІ, прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон пацьвердзіў, што яго краіна будзе ўдзельнічаць у падзеі.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў з пасланьнем пасьля прыбыцьця ў Кіеў у складзе «Кааліцыі ахвочых» 10 траўня.

Знаходзячыся ў Кіеве, ён напісаўу сацыяльнай сетцы X:

«Перад абліччам расейскай агрэсіі наш адказ павінен быць калектыўным. Мы зьдзяйсьняем гэтую паездку разам з Нямеччынай, Польшчай і Вялікабрытаніяй», — адзначыў Макрон.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у Кіеве

Паводле яго слоў, «справядлівы і трывалы мір пачынаецца з поўнага і безумоўнага спыненьня агню».

«Гэта прапанова, якую мы робім са Злучанымі Штатамі. Украіна прыняла яе 11 сакавіка. Расея, са свайго боку, зацягвае, ставіць умовы, цягне час і працягвае сваю захопніцкую вайну. Калі Масква працягне блякаду, мы, як эўрапейцы і ў цеснай каардынацыі са Злучанымі Штатамі, узмоцнім ціск. Мы вітаем заклік прэзыдэнта Трампа зрабіць гэты крок», — адзначыў прэзыдэнт Францыі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у чацьвер 8 траўня пасьля тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заклікаў да 30-дзённага безумоўнага спыненьня агню паміж Расеяй і Ўкраінай. У адваротным выпадку, папярэдзіў Трамп, Вашынгтон і яго партнэры ўвядуць дадатковыя санкцыі.

Першы саміт «Кааліцыі ахвочых» прайшоў у Элізэйскім палацы ў Парыжы 27 сакавіка 2025 году. Тады лідэры больш чым 30 краін сустракаюцца ў Парыжы для дыскусіі у рамках «Кааліцыі ахвочых», якая мае намер узмацніць падтрымку Ўкраіны ў выпадку заключэньня пры ўдзеле ЗША пагадненьня аб спыненьні агню або мірнага пагадненьня.

Фармат кааліцыі абʼядноўвае Вялікабрытанію, Данію, Эстонію, Фінляндыю, Ісляндыю, Латвію, Літву, Нідэрлянды, Нарвэгію, Швэцыю і Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі Макрон прымае саміт «Кааліцыі ахвочых», прысьвечаны абмеркаваньню міратворчай місіі ва Ўкраіне. ФОТА