Пра гэта ў нядзелю напісаў старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін. Ягоны пост у Тэлеграме мае загаловак «Пра нягоднікаў», піша Расейская служба Радыё Свабода.
Паводле Валодзіна, законапраект прадугледжвае магчымасьць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці людзей, якія знаходзяцца за межамі краіны, калі яны ўчынілі правапарушэньні, «накіраваныя супраць інтарэсаў Расеі». Раней быў прыняты закон аб магчымасьці завочна прыцягваць людзей да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулаў, якія інкрымінуюць, як правіла, праціўнікам расейскай вайны ва Ўкраіне.
Законапраект аб узмацненьні адміністрацыйнай адказнасьці пакуль не апублікаваны, не паведамляюць, ці ўнесены ён у Думу і хто яго аўтар. Як правіла, падобныя дакумэнты ўносяць шмат дэпутатаў ад усіх фракцыяў, часам з удзелам самога Валодзіна.
Кіраўнік Дзяржаўнай думы назваў адміністрацыйныя артыкулы, паводле якіх мяркуецца судзіць тых, хто зьехаў за мяжу. Сярод іх прапаганда ці публічная дэманстрацыя нацысцкай атрыбутыкі або сымболікі, так званая дыскрэдытацыя арміі, «злоўжываньне свабодай слова» і распаўсюджваньне фэйкаў, а таксама «невыкананьне абавязкаў уладальніка сацыяльнай сеткі» (відавочна, маюцца на ўвазе акаўнты ў сетках).
Як піша Валодзін, законапраект будзе прадугледжваць арышт маёмасьці, каб прыцягнутыя да адказнасьці (як правіла, у выглядзе штрафу) не маглі ўхіліцца ад рашэньня суду.
Раней Валодзін і іншыя дэпутаты ўжо заяўлялі аб патрэбе стварыць мэханізмы для прыцягненьня расейцаў, якія зьехалі за мяжу, да адказнасьці — фактычна за выказваньні супраць вайны ва Ўкраіне ці крытыку ўладаў. У красавіку ж быў прыняты закон, які дазваляе завочна судзіць грамадзян, якія зьехалі, за 20 відаў злачынстваў, сярод якіх так званыя фэйкі і дыскрэдытацыя арміі Расеі, заклікі да тэрарызму, экстрэмізму, масавых беспарадкаў і гэтак далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі завочна судзяць Стрыжака, Лявончыка і іншых актывістаў, у справе 15 артыкулаў ККА як у Беларусі
У Беларусі супраць праціўнікаў уладаў, якія зьехалі за мяжу, існуе крымінальная адказнасьць у выглядзе так званага спэцыяльнага вядзеньня і завочных судоў. Больш за сто чалавек ужо асуджаныя, ёсьць выпадкі канфіскацыі і продажу іхнай маёмасьці на аўкцыёнах.
Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такую працэдуру можна весьці за 34 розныя злачынствы, пераважна з катэгорыяў цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцыяў.
Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).
Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завочна асудзілі ўжо 112 чалавек, трох зь іх двойчы, — праваабаронцы