Кніга «Зэкамэрон» палітвязьня Максіма Знака выйшла і па-дацку

Фота з старонкі Тацяны Нядбай у Фэйсбуку

Кніга Максіма Знака «Зэкамэрон» выйшла ў перакладзе на дацкую мову, паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацьцяна Нядбай.

Пераклад зрабіла Lotte Jansen. Гісторыі, напісаныя Максімам Знакам за кратамі, ужо выходзілі на ангельскай, беларускай, нямецкай, расейскай і швэдзкай мовах.

Юрыст Максім Знак напісаў гэтую кнігу ў першыя месяцы свайго зьняволеньня ў СІЗА. Яна складаецца зь невялікіх апавяданьняў пра побыт вязьняў. Знак піша і пра галадаваньні, і пра сьвяткаваньні, і пра тое, як жартуюць людзі за кратамі. Апавяданьні ёмістыя, часам іранічныя, часам тужлівыя. Аповед ад трэцяй асобы.

Юрыст Максім Знак падчас выбарчай кампаніі 2020 году ў Беларусі прадстаўляў інтарэсы кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Сьвятланы Ціханоўскай. Асуджаны на 10 гадоў калёніі, у тым ліку за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два гады няма вестак ад палітвязьняў Міколы Статкевіча і Максіма Знака


У траўні 2024 году ў Варшаве з аншлягам прайшла прэм’ера спэктаклю паводле «Зэкамэрону» Максіма Знака. З ста апавяданьняў палітвязьня тэатральная група «Купалаўцы» выбрала два дзясяткі самых аптымістычных.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.

Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад забарону трапілі нават фальклёр і міталёгія. Маніторынг культурнага ўціску ў Беларусі