Перамір’я не дачакаліся. Расея атакавала Ўкраіну 108 бесьпілётнікамі

Кіеў падчас вайны. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія бесьпілётнікі ў ноч на 12 траўня атакавалі Ўкраіну 108 разоў. Пад удары трапілі Адэская, Мікалаеўская, Жытомірская і Данецкая вобласьці, паведамілі Паветраныя сілы Ўкраіны.

У Адэскай вобласьці пацярпеў адзін чалавек. У Белгарадзе-Днястроўскім дроны пашкодзілі жылыя дамы, адміністрацыйны будынак і пажарную частку, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

У Данецкай вобласьці дрон ударыў у грузавы цягнік, машыніста параніла.

Такім чынам, Расея праігнаравала заклік Украіны, падтрыманы ЗША, краінамі Эўразьвязу і Вялікай Брытаніяй, спыніць агонь на 30 дзён, пачынаючы з 12 траўня.

Украіна назвала доўгатэрміновае замірэньне ўмовай для мірных перамоваў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у сваю чаргу прапанаваў правесьці перамовы ў Стамбуле 15 траўня без папярэдняга спыненьня агню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што будзе асабіста чакаць Пуціна ў Турэччыне на перамовах

Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі напярэдадні заявіў, што паедзе ў Турэччыну і разьлічвае сустрэцца там асабіста з Пуціным, хоць Пуцін аб плянах такой паездкі не казаў. З словаў Зяленскага вынікае, што ён зьбіраецца ў Турэччыну, нават калі спыненьня агню ня будзе. Тое самае з спасылкай на крыніцы пацьвердзіла выданьне Axios.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напярэдадні заклікаў Украіну як мага хутчэй пачаць перамовы з Расіяй. Пры гэтым ён выказаў сумнеў у магчымасьці заключэньня мірнага пагадненьня.

Да дня Перамогі 9 траўня Пуцін абʼяўляў трохдзённае перамір’е. Ён казаў, што на тры дні Расея спыніць усе баявыя дзеяньні, але гэтага, паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, не адбылося. Але ж інтэсіўных удараў дронаў па тэрыторыі Ўкраіны трое содняў не было. Тэрмін трохдзённага перамірʼя скончыўся ў ноч на 11 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарагое пахаваньне на перапоўненых могілках. Як ва Ўкраіне хаваюць загінулых ад расейскай агрэсіі