«Эканамічная газэта» спыняе выхад, яна была апошняй зь недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў

Газэтны шапік у Менску. Архіўнае фота

Выданьне выходзіла 32 гады. «За гэты час жыцьцё ў цэлым зьмянілася да непазнавальнасьці»,— заявілі ў рэдакцыі.

Зь ліпеня 2025 году спыняе выпуск «Эканамічная газэта», паведаміў яе галоўны рэдактар Фёдар Велікаселец на сайце выданьня.

Паводле яго слоў, такое рашэньне прыняў сход акцыянэраў ЗАТ «Белбізнэспрэс», які зьяўляецца заснавальнікам і выдаўцом мэдыя.

Ці будзе абнаўляцца сайт выданьня, не ўдакладняецца.

Велікаселец адзначыў, што цяпер няма праблем знайсьці неабходную інфармацыю ў інтэрнэце, таму «папяровым выданьням з іх цыкламі друку і дастаўкі даводзіцца саступаць месца электронным сродкам масавай інфармацыі».

«Да нашых паслуг дзясяткі, калі не сотні, сайтаў, у тым ліку ўсіх міністэрстваў і ведамстваў, спэцыялізаваныя парталы, розныя галіновыя выданьні. Такая сытуацыя ва ўсім сьвеце. І наша гісторыя не выключэньне і не падстава для пэсымізму. Хутчэй наадварот: мы ўсьведамляем тую ролю, якую адыгралі ў станаўленьні новых эканамічных адносін. І пакідаючы сцэну мы кажам: «Місія выкананая!», — напісаў рэдактар выданьня.

Выданьне заснавалі ў 1992 годзе, да 2005 года яно выходзіла як «Нацыянальная эканамічная газета». Наклад дасягаў 40 тысяч экзэмпляраў.

Такім чынам, у Беларусі не застанецца недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў. Пры гэтым на падтрымку прапагандысцкіх СМІ ўлады выдзяляюць з бюджэту больш за 145 млн рублёў штогод, піша «Позірк».

  • Сыстэмныя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Рэдакцыі працуюць у выгнаньні.
  • Пры гэтым перад выбарамі ўзмацняецца ціск на тых, хто застаўся ў краіне, і тых, хто жыве за мяжой.
  • У апошні час рэдакцыі масава сутыкнуліся з эканамічнымі цяжкасьцямі і неабходнасьцю скарачаць штаты.
  • Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі ў зьняволеньні ўтрымліваюць 39 прадстаўнікоў СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ фіксуе новую хвалю ціску на журналістаў і іхных родных у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былым журналісткам Tut.by Лойцы і Талкачовай вынесьлі завочныя прысуды і назвалі «экстрэмістамі»