Пра рашэньне Палаты прадстаўнікоў піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Дакумэнт прадугледжвае прадастаўленьне доступу да дзяржаўных сакрэтаў старшыні, сябром Прэзыдыюму Ўсебеларускага народнага сходу (УНС) старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі з моманту іх абраньня, а таксама начальніку Сакратарыяту УНС — з дня назначэньня на пасаду.
Праект закону прайшоў усе неабходныя экспэртызы, у тым ліку юрыдычную, лінгвістычную і крыміналягічную. Заўваг ад дзяржаўных органаў, у тым ліку Савету міністраў, Вярхоўнага Суду і іншых ведамстваў, не паступіла.
Як растлумачыў сябар Пастаяннай камісіі ў нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Аксянюк, УНС адыгрывае ключавую ролю ў стратэгічным разьвіцьці краіны і вырашэньні пытаньняў ва ўсіх сфэрах жыцьця дзяржавы. Гэта ён сказаў, абумоўліваючы неабходнасьць прыняцьця новай рэдакцыі закону.
«Некаторая інфармацыя адносіцца да дзяржаўных сакрэтаў. Каб павысіць эфэктыўнасць працы службовых асоб УНС, закон прадугледжвае магчымасьць іх допуску да такіх зьвестак», — адзначыў дэпутат.
Аляксандар Лукашэнка 7 лютага 2023 году падпісаў Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе». Дакумэнт накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйных нормаў УНС, замацаваньне яго статусу як «вышэйшага прадстаўнічага органу народаўладзьдзя».
Акрамя таго, закон рэгулюе парадак фармаваньня Ўсебеларускага народнага сходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб не сутыкаліся лбамі». Лукашэнка думае, чым заняць Усебеларускі народны сход