Прадстаўніца адміністрацыі Лукашэнкі Пяткевіч патлумачыла, чаму ў Беларусі бракуе лекараў

Ілюстрацыйнае фота

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Пяткевіч прызнала, што ў краіне не хапае лекараў і што пытаньні мэдыцыны выклікаюць найбольшыя дыскусіі, хвалююць кожнага чалавека.

Але «калі раскласьці пытаньне на складнікі, то абсалютна відавочна, што ў краіны унікальна пазытыўны ўзор у сьвеце», — сказала яна на сустрэчы з працаўнікамі цукровага заводу ў Жабінцы, перадае БЕЛТА.

На скаргі беларусаў пра нястачу лекараў і немагчымасьць хуткага прыёму яна адказала, што такая праблема характэрная для ўсяго сьвету. Маўляў, расьце попыт на мэдычныя паслугі, бо расьце працягласьць жыцьця з натуральным старэньнем.

Паводле Пяткевіч, нівэляваць недахоп лекараў дапамагае штучны інтэлект. Яна таксама падкрэсьліла, што ў Беларусі

  • не зачыняюць невялікія фэльчарска-акушэрскія пункты,
  • мадэрнізуюць шпіталі,
  • вырабляюць уласныя лекі,
  • разьвіваюць мэдычны турызм у цэлым і санаторны ў прыватнасьці,
  • усталёўваюць вулічныя трэнажэры.

Пяткевіч адзначыла, што на ахову здароўя ідзе ня менш за 5,5% валавога ўнутранага прадукту.

Шмат гэта ці не, можна зразумець, паглядзеўшы на дыяграму Ўсясьветнай арганізацыі здароўя з адсоткамі бюджэту розных краін, якія ідуць на мэдыцыну.

Беларусь сярод іншых краін паводле выдаткаў на ахову здароўя ад валавога ўнутранага прадукту

На 15 траўня 2025 году ў базе вакансіяў шукаюць:

  • больш за 3600 лекараў-спэцыялістаў,
  • больш за 3200 мэдычных сёстраў,
  • больш за 900 фэльчараў,
  • больш за 300 памочнікаў лекара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9000 рублёў для кіроўцы, масавае закрыцьцё сельскіх крамаў. Кадравы дэфіцыт у Беларусі закрануў нават Міністэрства працы

У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 мэдыкаў.

  • Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ.
  • У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў. З гэтай прычыны ў Беларусі назіраецца недахоп мэдычных спэцыялістаў.
  • У Беларусі прынялі закон, згодна зь якім тэрмін адпрацаваньня пасьля ардынатуры для мэдыкаў, што вучыліся на бюджэтным аддзяленьні, павялічылі з 2 да 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анколяга з 23‑гадовым стажам Алену Шарафановіч асудзілі за ўдзел у пратэстах