Расейскі зьнішчальнік перашкодзіў Эстоніі затрымаць танкер у Балтыйскім моры. ВІДЭА

Танкер, ілюстрацыйнае фота

Расейскі самалёт-зьнішчальнік прыкрыў танкер «Ягуар» у Балтыйскім моры ад ВМС Эстоніі.

Вайскова-морскія сілы Эстоніі спрабавалі прымусіць карабель зьмяніць курс, каб праверыць яго рэгістрацыю.

Эстонскі МЗС пасьля інцыдэнту уручыў ноту часоваму паверанаму ў справах Расеі ў Таліне, паведамляе Эстонскае публічнае радыё і ТВ.

Інцыдэнт адбыўся днём 14 траўня. Вайскова-морскія сілы Эстоніі спрабавалі спыніць танкер пад сьцягам Габону, які рухаўся ў Расею. У апэрацыі ўдзельнічалі самалёт, гелікоптэр і патрульны катэр Raju.

Танкер, як мяркуецца, мае дачыненьне да так званага ценевога флёту Расеі. Ён зьвязаны з індыйскай кампаніяй Gatik Ship Management, адным з асноўных апэратараў танкернага флёту, які перавозіць расейскую нафту.

Экіпаж праігнараваў патрабаваньні эстонскіх ВМС, а раніцай у чацьвер 15 траўня вадаплаў увайшоў у расейскі порт Прыморск, як вынікае са зьвестак сэрвісу Marinetraffic.

Міністар абароны Эстоніі Ханна Пэўкур заявіў, што вайскоўцы, флёт, памежнікі, Дэпартамэнт паліцыі і памежная ахова вырашылі, што браць танкер на абардаж дзеля праверкі аднаго дакумэнта «не ёсьць прапарцыйнай мерай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Greenpeace: танкеры «ценявога флёту» Расеі пагражаюць узьбярэжжу Балтыкі