Адзін з кіраўнікоў Кітаю абвясьціў плян візыту ў Беларусь у канцы траўня

Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Кітая ў Пэкіне. 2023

Менск наведае віцэ-прэм’ер ураду Кітаю Лю Гочжун.

Як паведаміла міністэрства замежных справаў Кітаю, віцэ-прэм’ер КНР Лю Гочжун прыме ўдзел у 78-й Усясьветнай асамблеі аховы здароўя і наведае Швайцарыю і Беларусь.

Прэс-сакратар міністэрства замежных справаў Кітаю сказаў, што на запрашэньне генэральнага дырэктара Ўсясьветнай арганізацыі здароўя Тэдраса Гебрэесуса з 18 па 23 траўня сябра палітбюро ЦК КПК, намесьнік прэм’ера Дзяржаўнай рады Лю Гочжун прыме ўдзел у 78-й Усясьветнай асамблеі аховы здароўя ў Жэнэве і наведае Швайцарыю.

Пасьля гэтага адзін з кіраўнікоў ураду КНР наведае Беларусь на запрашэньне яе ўладаў. Ён будзе старшыняваць на шостым пасяджэньні Кітайска-беларускага міжурадавага камітэту супрацы, паведамілі ў МЗС Кітаю.

Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт супрацы створаны ў 2014 годзе, яго паседжаньні праводзяць раз на два гады. Мінулае паседжаньне прайшло ў Пэкіне, там ад Беларусі быў першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў.

  • Беларусь апошнім часам актыўна разьвівае палітычныя і эканамічныя адносіны з камуністычным Кітаем, удзельнічае ў сумесных праектах, пад Менскам дзейнічае кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень».
  • Кітай падтрымлівае ўлады Беларусі ў структурах ААН, у тым ліку ў Радзе правоў чалавека, дзе галасуе супраць рэзалюцыяў у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
  • Паводле МЗС Беларусі, актыўна разьвіваецца партнэрства з КНР у сфэры бясьпекі, вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. У вайсковай сфэры адбываюцца рэгулярныя візыты, сумесныя манэўры.
  • У 2021 годзе ўлады Беларусі прынялі дырэктыву «Аб разьвіцьці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што атрымала Беларусь ад павароту ў бок Глябальнага Поўдня, — аналіз Валера Карбалевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь апярэдзіла Расею ў пастаўках гарэлкі ў Кітай