Сьвятлана Ціханоўская сустрэла Ўладзіміра Зяленскага на саміце ў Тыране

Уладзімір Зяленскі, Сьвятлана Ціханоўская і Мая Санду на сустрэчы ў Тыране

Беларуская дэмакратычная лідэрка была побач з прэзыдэнткай Малдовы Маяй Санду.

Сьвятлана Ціханоўская і Мая Санду каротка паразмаўлялі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім на шостым саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (EPC), які праходзіць у сталіцы Альбаніі.

На сход у Тыране прыехалі палітыкі 47 краінаў і кіраўнікі найбуйнейшых міжнародных арганізацый. У Альбанію прыбылі і кіраўнікі найбуйнейшых дзяржаваў Эўразьвязу, у тым ліку Фрыдрых Мэрц і Эмануэль Макрон.

Паміж Ціханоўскай і Зяленскім адбылася кароткая гутарка.

«Размова, зразумела, ішла пра тое, як спыніць вайну і як далей будаваць адносіны ў новых сусьветных рэаліях», — паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

Адначасна ў турэцкім Стамбуле адбываюцца расейска-ўкраінскія перамовы аб спыненьні вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская бярэ ўдзел у сустрэчы лідэраў краін Эўропы ў Альбаніі. Уладаў Беларусі і Расеі не запрашалі