У Польшчы ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў выйшлі мэр Варшавы Тшаскоўскі і кансэрватар Наўроцкі

Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Польшчы. Варшава, 18 траўня 2025 году

Другі тур выбараў прэзыдэнта Польшчы заплянаваны на 1 чэрвеня.

У Польшчы ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў выйшлі лібэральны мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі і прадстаўнік апазыцыйнай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць», кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Караль Наўроцкі.

Польскае агенцтва PAP з спасылкай на зьвесткі Дзяржаўнай выбарчай камісіі (PKW), паведамляе, што дадзеныя з усіх выбарчых акругаў ужо вядомыя. Паводле гэтых вынікаў, Рафал Тшаскоўскі апярэджвае Караля Наўроцкага ў першым туры выбараў, што адпавядае вынікам экзыт-полаў — апытаньняў на выхадзе з участкаў.

У першым туры Тшаскоўскі набраў 31,36% галасоў, Наўроцкі — 29,54%, Мэнцэн — 14,81%.

Яўка склала амаль 67 працэнтаў. Правам голасу валодаюць каля 29 мільёнаў палякаў.

Тшаскоўскі і Наўроцкі будуць удзельнічаць у другім туры выбараў, заплянаваным на 1 чэрвеня. Пераможца зьменіць кансэрватара Анджэя Дуду, чый другі прэзыдэнцкі тэрмін заканчваецца ў жніўні.

Як адзначаюць палітычныя аналітыкі, перамога Тшаскоўскага неабходная прэм’еру Дональду Туску для правядзеньня рэформаў.

«Жорсткая барацьба за кожны голас. Гэтыя два тыдні вырашаць будучыню нашай радзімы», — напісаў пасьля выбараў Дональд Туск у сацыяльнай сетцы X.

Пры перамозе Наўроцкага магчымыя датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Яго шанцы можа ўзмацніць падтрымка электарату Мэнцэна, які заняў трэцяе месца. Наўроцкі сымпатызуе Трампу і крытыкуе ўкраінскіх уцекачоў, адзначаюць польскія СМІ.

Прэзыдэнт Польшчы абіраецца на пяць гадоў, уплывае на замежную палітыку, прызначае ўрад і мае статус галоўнага вайскавода. Кіраўнік выканаўчай улады ў Польшчы — прэмʼер-міністар.

Кандыдатам ад кіроўнай партыі «Грамадзянская плятформа» на гэтых выбарах зноў стаў Рафал Тшаскоўскі, цяперашні мэр Варшавы, якога Дуда апярэдзіў на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.

Караль Наўроцкі працуе ў Інстытуце нацыянальнай памяці. Яго падтрымліваюць Ярослаў Качыньскі і ягоная партыя «Права і Справядлівасьць», якая цяпер у апазыцыі, але афіцыйна на выбарах Наўроцкі рэпрэзэнтуе сам сябе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Празаходні мэр Бухарэста Дан перамог на выбарах у Румыніі, нацыяналіст Сім’ён прызнаў паразу

У Беларусі на выбарах прэзыдэнта Польшчы 30,3% падтрымалі Тшаскоўскага

99 чалавек прынялі ўдзел у выбарах прэзыдэнта Польшчы на тэрыторыі Беларусі, вынікае з дадзеных Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы, піша «Позірк».

Больш за ўсіх галасоў атрымаў кандыдат кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі», мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі — 30,3%, далей ідуць фармальна незалежны, але падтрыманы апазыцыйнай правакансэрватыўнай партыяй «Права і справядлівасьць» кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі і Славомір Мэнцэн, які прадстаўляе блёк ультраправых, — па 20,2%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы: хто ў лідэрах паводле першых вынікаў экзыт-полаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы. Хто асноўныя фаварыты і што яны казалі пра Беларусь