Краіны Эўразьвязу дамовіліся стварыць абаронны фонд на 150 мільярдаў эўра

Нямецкія танкі Leopard. Ілюстрацыйнае фота

Краіны Эўразьвязу дамовіліся стварыць фонд пад назвай Security Action for Europe «Дзеяньні дзеля бясьпекі Эўропы» памерам 150 мільярдаў эўра. Ягоныя сродкі пойдуць на ўмацаваньне абароны, паведамілі Reuters і Financial Times з спасылкай на крыніцы.

Фонд будзе даваць пазыкі краінам на ўмацаваньне абароны і разьвіцьцё вайсковай прамысловасьці.

Ініцыятыву прапанавала Эўрапейская камісія ў сакавіку 2025 году. Фонд дазволіць павялічыць выдаткі на абарону на 800 мільярдаў эўра ў наступныя гады.

У адпаведнасьці з плянам 150 мільярдаў эўра з гэтай сумы пазычаць на закуп зброі, боепрыпасаў і вайсковых сыстэмаў.

Яшчэ 650 мільярдаў эўра старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прапанавала атрымаць ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку, прыватных інвэстараў і большых выдаткаў на абарону краін Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар Рубіё заявіў, што ЗША не выходзяць з NATO і не выводзяць сваіх войскаў з Эўропы