7 траўня з артыкулу ў жабінскай раёнцы стала зразумела, што ў Малых Сяхновічах прыбралі помнік Тадэвушу Касьцюшку, заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».
У самім музэі 20 траўня адмовіліся па тэлефоне адказаць, дзе знаходзіцца бюст Тадэвуша Касьцюшкі і чаму яго прыбралі, заявіўшы што такой інфармацыі па тэлефоне не даюць.
Малымі Сяхновічамі род Касьцюшкаў валодаў некалькі стагодзьдзяў. 1988 годзе там усталявалі бюст герою, створаны беларускай скульптаркай Бальбінай Відацкай-Сьвітыч яшчэ ў 1932 годзе На здымках, апублікаваных zhabinka.by, замест помніка клюбма.
Таксама з сайту раённага музэя, каля якога стаяў помнік, прыбралі ўсе згадкі пра Касьцюшку, хоць дзеля ўшанаваньня яго асобы ён і быў створаны. Была цэлая заля, прысьвечаная Касьцюшкам, піша «Спадчына».
У залі, прысьвечанай Касьцюшку, зрабілі экспазыцыю «Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны», паведаміла «Наша Ніва».
Так выглядаў бюст у 2019 годзе. Фота з старонкі музэю ў VK.
Хоць Тадэвуш Касьцюшка і нарадзіўся ў маёнтку Мерачоўшчына каля Косава, сапраўдным радавым гняздом Касьцюшкаў-Сяхновіцкіх зьяўляюцца Сяхновічы.
Тут Тадэвуш Касьцюшка пасяліўся і пражыў чатыры гады пасьля вяртаньня з ЗША, дзе браў удзелу ў вайне за незалежнасьць. Гэта быў адзіны ўласны дом, які Касьцюшка меў у дарослым жыцьці. Астатні час жыў у вайсковых лягерах ды па чужых кутах.
Ад сядзібы ў Сяхновічах не засталося нічога, акрамя фрагмэнтаў парку і ліпавай алеі, дрэвы якой датуюцца XVIII стагодзьдзем — часам, калі тут жыў Тадэвуш Касьцюшка.
Доўгі час бюст у Малых Сяхновічах быў адзіным помнікам нацыянальнаму герою Беларусі, аж пакуль у 2018 годзе на тэрыторыі музэя-сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне не паставілі поўнафігурны помнік аўтарства Гэніка Лойкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку ўрачыста адкрылі ля Косава. ФОТАЗа савецкім часам бюст Касьцюшкі быў унесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. За часамі кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі быў створаны новы Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцей, куды бюст, як і многія гістарычныя сядзібы, паркі, касьцёлы і цэрквы перанесены ня быў.
Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музэй адкрылі ў 2011 годзе. Тое, што раённы музэй адкрылі ня ў Жабінцы, а ў невялікай вёсцы, паказвае на тое, што асноўны акцэнт у ім рабіўся менавіта на асобе нацыянальнага героя, адзначае «Наша Ніва».
Пад вёскай Касьцюшкава ў Горацкім раёне зьнікла шыльда на памятным камені
Камень, на якім была шыльда ў памяць пра Тадэвуша Касьцюшку
Памятны камень Тадэвушу Касьцюшку ля вёскі Касьцюшкава ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласьці застаўся без інфармацыйнай шыльды. Яе адсутнасьць заўважылі чытачы Reform.news.
«Ці прыбралі, ці не ўзнавілі, хаця бачна, што помнікі побач прыводзілі ў парадак», — канстатавалі чытачы.
Да 1969 году вёска Касьцюшкава называлася Трыгубава. Адметна, што перайменавалі яе ў гонар Касьцюшкі за савецкім часам.
У 2024 годзе шыльда, прысьвечаная Касьцюшку, зьнікла ў Горадні
Драўляная мэмарыяльная шыльда, прысьвечаная побыту нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша Касьцюшкі ў Горадні, зьнікла са сьцяны Новага замку ў сярэдзіне красавіка 2024 году.
Шыльда месьцілася зьлева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысьвечана падзеям паўстаньня 1794 году. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і кіраўнік паўстанцаў Тадэвуш Касьцюшка. 30 кастрычніка 1794 году ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага. Шыльду, прысьвечаную Касьцюшку, усталявалі ў 1994 годзе.
На пэтыцыю пра вяртаньне шыльды гарадзенскі гарвыканкам адказаў, што «не валодае зьвесткамі пра аб’ект».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бондаравай адмовілі ў адказ на зварот аб перайменаваньні вуліцы Каліноўскага ў МенскуЯк прарасейская актывістка змагалася з «польскім тэрарыстам»
Летам 2023 году прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава хвалілася, што прасіла Горадзенскі гарвыканкам прыбраць са сьпісу знакавых для гораду людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сыстэме беларускага героя Кастуся Каліноўскага, а пасьля і Тадэвуша Касьцюшку. Першага яна назвала «польскім тэрарыстам», другога — «змагаром за Польшчу супраць Расеі». Пры гэтым культуру яна называла выключна «культуркай». Абедзьве згадкі зьніклі з сайта ЦБС літаральна праз пару дзён. Са згадкамі пра Касьцюшку ў Горадні Бондарава змагалася і раней.
11 ліпеня 2023 году з тэрыторыі горадзенскага чыгуначнага вакзалу прыбралі 30-гадовы памятны знак паўстанцам 1863 году. Яго замянілі на памятную шыльду савецкім партызанам. Тады Бондарава таксама хвалілася, што спрычынілася да зьнікненьня знака. Пазьней стала вядома, што памятны знак дэмантавалі супрацоўнікі Горадзенскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, а горадзенскія чыноўнікі сьцьвярджалі, што нічога пра гэта ня ведаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Антыгерой і ягоны цень. Што робіць Лукашэнку падобным да графа МураўёваЗараз памяць пра Тадэвуша Касьцюшку захоўваецца ў горадзенскім катэдральным касьцёле Сьвятога Францыска Ксавэрыя: там ёсьць дзьве мэмарыяльныя шыльды. Таблічка з надпісам па-польску 1917 году ўсталяваная да сотай гадавіны з дня ягонай сьмерці. Яшчэ адну ўсталявалі ў 2017 годзе зьлева ад галоўнага алтара. Яна зробленая з адмысловага шкла і мае надпісы на беларускай, польскай і ангельскай мовах: «1817–2017. Тадэвушу Касьцюшку — удзячныя нашчадкі».
У 2023 годзе кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі заявіў, што ня лічыць Касьцюшку героем Беларусі
«Ці можна назваць нацыянальным героем Касьцюшку? Асоба яркая. Быў высакародны. Самааддана служыў ідэі. Але гэтая ідэя не была беларускай. Так, мы ня можам выкрасьліць яго са сваёй гісторыі, гэта супраць нашых прынцыпаў. Але павінны дакладна вызначыць яго ролю ў ёй, каб нашы дзеці разумелі, на каго раўняцца», — сказаў Ігар Сергеенка ў інтэрвію sb.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 прычын, чаму слава Касьцюшкі належыць БеларусіТадэвуш Касьцюшка — ураджэнец Беларусі, кіраўнік антырасейскага паўстаньня 1795 году, генэрал арміі ЗША, змагар за незалежнасьць Рэчы Паспалітай і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Лічыцца нацыянальным героем Беларусі, Польшчы, ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад забарону трапілі нават фальклёр і міталёгія. Маніторынг культурнага ўціску ў Беларусі