У Беларусі затрымалі 11 кіраўнікоў буйной сеткі крамаў сэканд-хэнду

Сядзіба Камітэту дзяржкантролю ў Менску

Паводле Камітэту дзяржкантролю Беларусі, яны раздрабнілі бізнэс на 12 фірмаў, у выніку чаго сэканомілі на падатках 3,8 мільёна рублёў.

Асобна КДК адзначае, што двое затрыманых маюць дачыненьне «да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Затрыманыя ўжо пералічылі амаль два мільёны рублёў у лік кампэнсацыі шкоды. У іх таксама арыштавалі маёмасьць (на 5,5 млн рублёў), а таксама грошы і золата (на 1,7 млн рублёў у пераліку).

Розьнічная сетка, паводле КДК, налічвае 97 крамаў у 12 гарадах. Яны не спынялі працу.

Назва сеткі ў паведамленьні не называецца, але ў сюжэце «Панарамы», які распаўсюдзіў КДК, зьняты ўваход у краму «Адзеньне з Эўропы».

Паводле адкрытых крыніц, гэтая сетка мае крамы як у Беларусі, так і ў Расеі, і належыць фірме, зарэгістраванай больш як дваццаць гадоў таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Асартымэнт нібыта ёсьць, але бярэш усяго пакрышку». Якіх тавараў не хапае беларусам пасьля ўвядзеньня санкцый