Сэнатары ЗША патрабуюць ад Расеі вярнуць выкрадзеных украінскіх дзяцей да любога мірнага пагадненьня

Будынак Кангрэсу ЗША

Гэта першы праект рэзалюцыі ў Сэнаце пасьля вяртаньня Дональда Трампа ў Белы дом, падтрыманы рэспубліканцамі. Праект заклікае да дзеяньняў у перамоўным працэсе з Расеяй.

Двухпартыйная група сэнатараў ЗША ўнесла рэзалюцыю, якая заклікае вярнуць усіх выкрадзеных украінскіх дзяцей яшчэ да дасягненьня мірнага пагадненьня аб спыненьні вайны Расеі супраць Украіны.

Двухпартыйную групу сэнатараў узначальваюць сэнатары Чак Грасьлі (рэспубліканец) і Эмі Клобушар (дэмакратка). Да іх таксама далучыліся 3 сэнатары-рэспубліканцы і 2 дэмакраты.

«Бесчалавечны і нічым не справакаваны напад Пуціна на Ўкраіну стаў пачаткам найбуйнейшай вайны ў Эўропе з часоў Другой усясьветнай вайны. Ён выкраў тысячы дзяцей, каб прамыць ім мазгі і русыфікаваць іх у спробе зьнішчыць іхную культурную ідэнтычнасьць і спадчыну. Злучаныя Штаты павінны запатрабаваць вяртаньня гэтых дзяцей, перш чым падпісваць пагадненьне аб спыненьні вайны ва Ўкраіне», — сказаў Граслі.

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак назваў гэтую рэзалюцыю «важным сыгналам з боку Злучаных Штатаў».

«Выкраданьне дзяцей — гэта ня проста ваеннае злачынства. Гэта спроба сьцерці нашу ідэнтычнасьць, зламаць будучыню нацыі. Мы гэтага не дазволім. Дзякуй сэнатарам за падтрымку. Вяртаньне кожнага дзіцяці — наша агульная адказнасьць. І гэта ўмова спыненьня вайны», — напісаў ён у Тэлеграме, піша Ўкраінская слуба Радыё Свабода.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітрый Лубінец дапускае, што Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 000 дзяцей. Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах дзіцяці Дар’я Герасімчук называе лічбу ў «некалькі сотняў тысяч дзяцей, гэта значыць недзе каля 200-300 тысяч».

На 26 лютага Ўкраіна змагла вярнуць 1227 дзяцей з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і часова акупаваных земляў, паведаміла першая лэдзі Ўкраіны Алена Зяленская.

У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага дзіцячага омбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацыях і перасяленьні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Упаўнаважаная ў правах дзяцей Расеі Марыя Львова-Бялова ў ліпені 2023 году заявіла, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея «прыняла» каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны, зь якіх больш за 700 000 — дзеці. Паводле яе, бальшыня ўкраінскіх дзяцей нібыта прыехалі ў Расею разам з бацькамі або іншымі сваякамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША прайшлі слуханьні аб перамяшчэньні ў Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў

У дэпартаваньні ўкраінскіх дзяцей Расеі спрыяюць і ўлады Беларусі.

  • Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыйяў Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
  • Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
  • Паводле справаздачаў праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
  • «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, дзе расказваецца пра ролю ў ім Беларусі.
  • Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
  • 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага для Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
  • Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
  • ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
  • На канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле зьвестак украінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт назваў «стратэгіяй генацыду» гвалтоўны вываз украінскіх дзяцей у Расею з дапамогай Беларусі