У эфіры TVP Info Дональда Туска спыталі, ці рашэньне не адпраўляць польскія войскі ва Ўкраіну канчатковае.
«Так, але ніякага ціску тут няма», — адказаў Дональд Туск, якога цытуе агенцтва PAP.
Прэмʼер-міністар Польшчы пракамэнтаваў заяву спэцыяльнага пасланьніка ЗША для Ўкраіны генэрала Кіта Келага, які на мінулым тыдні ў этэры тэлеканалу Fox Business заявіў, што сярод разгляданых варыянтаў спыненьня вайны ва Ўкраіне — разьмяшчэньне эўрапейскіх войскаў на захад ад Дняпра з удзелам чатырох краін, у тым ліку Польшчы.
«І я пачуў ад усіх маіх эўрапейскіх партнэраў, што гэта няпраўда. Прэзыдэнт Эманюэль Макрон, канцлер Фрыдрых Мэрц, прэмʼер-міністар Кір Стармэр адрэагавалі адразу, бо для мяне гэта была абсалютна бясспрэчная ўмова», — адзначыў Туск.
Туск нагадаў, што Польшча не плянуе ўводзіць войскі ва Ўкраіну, а яе хаўрусьнікі ведаюць, што Польшча, сярод іншага, гарантавала бясьпеку мяжы.
«Мы ня будзем уводзіць польскія войскі ва Ўкраіну. Наша задача — і мы робім гэта для сябе, але і для ўсёй Эўропы — ахоўваць эўрапейскую і польскую мяжу з Расеяй і Беларусьсю з дапамогай нашых салдатаў і арганізоўваць гэты буйны цэнтар перадачы зброі і дапамогі Ўкраіне ў Жэшаве», — сказаў Туск.
Паводле прэмʼер-міністра, існавала асьцярога, што наступствам такой пазыцыі будзе маргіналізацыя Польшчы, бо — як ён растлумачыў — калі Польшча не падтрымае ініцыятыву аб увядзеньні войскаў ва Ўкраіну, у той час як Францыя і Вялікая Брытанія будуць яе прыхільнікамі, а Нямеччына будзе вагацца, Польшча можа быць адсунутая ад рэгуляваньня эўрапейскай палітыкі стасоўна Ўкраіны.
«Нічога падобнага не адбылося. Я пастаянна кантактую, мы размаўляем штодня ў гэтым квартэце — Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, Польшча. Часам далучаецца прэмʼер-міністарка Італіі. Пастаянны кантакт ёсьць з прэзыдэнтам Трампам, хоць менавіта мы катэгарычна заявілі, што польскай арміі ва Ўкраіне ня будзе», — заявіў Туск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы. Хто асноўныя фаварыты і што яны казалі пра БеларусьДругі тур выбараў прэзыдэнта Польшчы заплянаваны на 1 чэрвеня.
Кандыдатам ад кіроўнай партыі «Грамадзянская плятформа» на гэтых выбарах стаў Рафал Тшаскоўскі, цяперашні мэр Варшавы, якога Дуда апярэдзіў на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе. І цяпер Тшаскоўскі выйшаў у другі тур.
У другі тур таксама выйшаў Караль Наўроцкі, які працуе ў Інстытуце нацыянальнай памяці. Яго падтрымліваюць Ярослаў Качыньскі і партыя «Права і Справядлівасьць», якая цяпер у апазыцыі, але афіцыйна на выбарах Наўроцкі рэпрэзэнтуе сам сябе.
Як адзначаюць палітычныя аналітыкі, перамога Тшаскоўскага неабходная прэм’еру Дональду Туску для правядзеньня рэформаў.
«Жорсткая барацьба за кожны голас. Гэтыя два тыдні вырашаць будучыню нашай радзімы», — напісаў пасьля выбараў Дональд Туск у сацыяльнай сетцы X.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча сканфіскавала шыны для самалётаў Boeing, якія везьлі транзытам празь Беларусь і Расею