Дэфіцыт бульбы і цыбулі — чаканы вынік пастановы пра стрымліваньне цэнаў, — эканаміст Крук

Мяхі з бульбай. Ілюстрацыйнае фота

Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC, эканаміст Зьміцер Крук у размове са Свабодай аналізуе, чаму сілавікі прыйшлі ў «Эўраопт» ды іншыя кампаніі, вызначае стаўленьне ўлады да бізнэса і разважае, у чым прычына дэфіцыту бульбы і цыбулі.

Сьцісла:

  • Задача ўлады — прывязаць да сябе прыватны сэктар як мага бліжэй.
  • Прадпрымальнікі разглядаюцца як «дойныя каровы» — пра гэта сьведчыць нават лексыка ў стылю «зьняць тлушчык».
  • Увесь прыватны бізнэс улады імкнуцца паставіць «на расьцяжку».
  • Гэта клясычная сытуацыя, калі жаданьне кантраляваць цэны прыводзіць да перабояў з пастаўкамі і скарачэньня асартымэнту.


— Чым бы вы патлумачылі актыўныя дзеяньні сілавікоў супраць некаторых гандлёвых сетак апошнія тыдні — ператрусы ў офісах, затрыманьні кіраўніцтва? Найбольш вядомы прыклад — «Эўраопт», але таксама згадаем «Дабраном» і фірму сэканд-хэнду «Адзеньне з Эўропы». Якія мэты ставяць перад сабой сілавікі і ўлады такімі дзеяньнямі і якія наступствы для беларускага бізнэсу гэта можа мець?

Зьміцер Крук

— Маю тры варыянты адказу.

У 2020 годзе адзін зь дзяржаўных ідэолягаў услых сфармуляваў задача ўлады — прывязаць да сябе прыватны сэктар як мага бліжэй. Бо прыватны сэктар сам па сабе патэнцыйна стварае эфэкт імкненьня да палітычных свабодаў, і гэта трэба зьмяніць. Таму шмат якія выпадкі за апошнія 5 гадоў у адносінаў бізнэсу і ўладаў можна аднесьці да рэалізацыі гэтай задачы. Не ўпэўнены, што існуе нейкая адмысловая праграма ў гэтым накірунку, але ў галовах чыноўнікаў і сілавікоў такое разуменьне ёсьць, і яно штурхае іх да такіх дзеяньняў, каб зрабіць прыватны сэктар максымальна залежным.

Канкрэтна ў выпадку «Эўраопта», мяркую, вялікую ролю адыграла тое, што гэта вельмі буйная кампанія, якая працуе на ўнутраным рынку. Улады заўсёды разглядалі ўнутраны рынак як сваю вотчыну, якая цалкам кантралюецца. І тое, што тут свае правілы гульні ўсталёўвае прыватная кампанія — ня можа ім асабліва падабацца. Яшчэ да 2020-га «Эўраопту» выказваліся папрокі, што не павінна адна прыватная кампанія займаць такую вялікую долю розьнічнага гандлю ў краіне. І таму трэба іх, як любіць казаць Лукашэнка, «нармалізаваць» — альбо ўзяць пад кантроль сам «Эўраопт», альбо каб яны скарацілі сваю долю рынку.

І трэці адказ — самы прагматычны. Проста стрэсьці грошы зь бізнэсу. Вельмі шмат сьведчаньняў, што некаторыя «наезды» на бізнэс робяцца дзеля таго, каб прадпрымальнікі аддалі дзяржаве грошы.

Канкрэтна ў выпадку з «Эўраоптам» я не ўпэўнены, што выключна ў гэтым справа, але ў цэлым гэты матыў заўсёды існуе. Прадпрымальнікі разглядаюцца як «дойныя каровы» — пра гэта сьведчыць нават лексыка ў стылю «зьняць тлушчык».

Адна з крамаў «Эўраопт». Архіўнае фота

— Існуе ўстойлівае меркаваньне, што пры супярэчлівых беларускіх законах і ведамасных інструкцыях нават тэарэтычна немагчыма весьці бізнэс, нічога не парушаючы. І маўляў, сілавікі і кантрольныя органы пры жаданьні могуць «дакапацца» да любога бізнэсу. Гэта міт альбо рэальнасьць?

— Як бы трывіяльна гэтая думка не гучала, але яна вельмі блізкая да рэальнасьці, і менавіта яе я пачуў нядаўна ад аднаго даволі буйнога беларускага бізнэсоўца. Той сказаў, што ўвесь прыватны бізнэс улады імкнуцца паставіць «на расьцяжку». І як прыклад прывёў мне пастанову нумар 713, якая найперш вядомая як пастанова пра рэгуляваньне цэнаў. І я ад некалькіх прадпрымальнікаў чуў, што яе немагчыма не парушыць, бо там вельмі шмат такіх хісткіх працэдураў, і пры жаданьні можна знайсьці парушэньні ў цэнаўтварэньні ў любога бізнэса.

Даволі шмат прыкладаў, калі прыходзіць праверкі, і іхняя пазыцыя такая — «мы ж усё роўна нешта знойдзем. Таму лепш вы самі прызнавайцеся, бо мы абавязаны паказаць, што нешта знайшлі».

Я разглядаю гэтую тактыку як адзін з інструмэнтаў прывязкі прыватнага сэктару да дзяржавы.

— Відавочныя магчымыя нэгатыўныя сацыяльныя наступствы ад зьнішчэньня «Эўраопт», які, сярод іншага, забясьпечвае дастаўку тавараў у маленькія населеныя пункты. Верагодна, радыкальнага разгрому гэтай фірмы ня будзе. Тады што?

— Я таксама мяркую, што нейкіх радыкальных крокаў у дачыненьні да «Эўраопту» ня будзе. Пра то яны могуць дамовіцца? Напрыклад, у кіраўніцтва фірмы будзе ўведзены нейкі чалавек ад дзяржавы, які зблізку будзе назіраць за тым, што адбываецца. Уладам яўна не падабаецца, што ўладальнікі «Эўраопту» ўжо 20 гадоў жывуць за мяжой, і магчыма, улады паспрабуюць нешта зьмяніць у пляне ўласнасьці гэтай фірмы.

Другі варыянт — магчыма, абмежаваць распаўсюд «Эўраопта» па краіне. Бо паводле некаторых паказчыкаў рытэйлер мае фактычна манапалістычнае становішча і можна ціснуць, абапіраючыся на заканадаўства.

Ці можа гэта паўплываць на масавага спажыўца? Вядома, могуць у такой атмасфэры ўзьнікнуць перабоі з пастаўкамі, іх могуць прымусіць зьменшыць сваю актыўнасьць на некаторых напрамках, дзе яны складаюць «непажаданую» канкурэнцыю. Для спажыўца гэта азначае прынамсі менш стабільнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьелі суседзі? Эканаміст расказвае, куды падзелася беларуская бульба

— За апошнія тыдні адной з самых гарачых тэмаў для беларусаў стала зьнікненьне з крамаў якаснай бульбы, а таксама праблемы з цыбуляй, капустай. Чаму гэта адбылося, і чаму ўрад ня здолеў перадухіліць узьнікненьне такой сытуацыі?

— У Расеі цэны пачалі часьці больш высокімі цэнамі, і розьніца паміж цэнамі ў Расеі і Беларусі істотна павялічылася. Гэта стварыла стымул для вытворцаў пастаўляць свае прадукты ў Расею. Да таго ж вытворцы ўжо чакаюць, што ў такой сытуацыі цэны ў Беларусі павінны падвысіць, і таму, натуральна, прытрымліваюць свой тавар, каб заўтра атрымаць за яго больш.

Гэта клясычная сытуацыя, калі жаданьне кантраляваць цэны прыводзіць да перабояў з пастаўкамі і скарачэньня асартымэнту. І пра гэта казалі ўсе мае калегі, незалежныя эканамісты, з кастрычніка 2022 году, калі была прынятая тая самая пастанова № 713 пра цэны.

Таму дэфіцыт бульбы і цыбулі — досыць чаканы вынік. Зьдзіўленьне выклікае хутчэй тое, як удалося 2,5 гады праіснаваць без істотных перабояў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледам за бульбай у Беларусі дэфіцытнай стала цыбуля

— А як варта ацаніць рэакцыю дзяржавы — улады, прапагандыстаў — на сытуацыю з бульбай і цыбуляй?

— Калі паглядзець апытаньні, якія робіць наш інстытут Beroc, то пераважная большасьць — каля 70 працэнтаў апытаных — кажа, што рэгуляваньне цэнаў гэта добрая ідэя (апошняе апытаньне было ў канцы красавіка).

І сытуацыя з бульбай і цыбуляй — першы прыклад, калі кантроль дзяржавы за цэнамі людзі сталі адчуваць з зусім іншага, кепскага боку. Таму ў беларусаў пакуль супярэчлівае стаўленьне — два гады нібыта ўсё працавала і дазваляла стрымліваць цэны ў пэўнай ступені, а цяпер «раптам» вылезла тым бокам, пра які неаднаразова папярэджвалі.

Што тычыцца ўладаў — то яны, мяркую, разумеюць, як працуюць эканамічныя мэханізмы, людзі там у эканамічным блёку больш-менш адэкватныя. Яны шукаюць магчымасьці, як даць прадпрыемствам магчымасьць дыхаць паветрам. Таму яны будуць думаць, што рабіць з гэтым стрымліваньнем цэнаў — магчыма, праз зьмену той сумнавядомай пастановы. Бо яны пераканаліся, што адміністратыўным шляхам праблема не вырашаецца, і як толькі ўзьнікае розьніца ў цэнах з суседзямі, найперш з Расеяй, то трэба адпусьціць цэны, каб даць магчымасьць вытворцам атрымаць хоць нейкую рэнтабэльнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «713-й пастановы ніхто не адменіць». У Баранавічах улады сустрэліся з ІП, якія ня выйшлі на працу