Канцлер Нямеччыны Мэрц у Вільні заявіў аб пагрозе з боку Расеі на ўсходнім флянгу NATO. ФОТА

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц аглядаюць ганаровую варту падчас цырымоніі прывітаньня ў Вільні, 22 траўня 2025

Канцлер Мэрц прыбыў у Літву на цырымонію пачатку разгортваньня першай нямецкай брыгады на ўсходнім флянгу NATO.

Канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц і міністар абароны Борыс Пісторыюс наведваюць Літву 22 траўня, каб адзначыць афіцыйнае стварэньне першага пастаяннага замежнага вайсковага падразьдзелу Нямеччыны пасьля Другой усясьветнай вайны, накіраванага на ўмацаваньне ўсходняга флянгу NATO перад расейскай пагрозай.

«Існуе пагроза для ўсіх нас з боку Расеі, — сказаў Мэрц журналістам у сталіцы Літвы Вільні.— Мы абараняем сябе ад гэтай пагрозы — і таму мы сёньня тут. Разам з нашымі партнэрамі мы поўныя рашучасьці абараняць тэрыторыю альянсу ад любой агрэсіі. Бясьпека нашых балтыйскіх саюзьнікаў — гэта таксама наша бясьпека», — сказаў Мэрц журналістам у Вільні, яго цытуе AFP.

Адносна мэтаў будучага саміту NATO Мэрц заявіў:

«Эўрапейскі абарончы патэнцыял павінен быць умацаваны ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, а наша абаронная прамысловасьць павінна пашырыць свае магчымасьці».

Рашэньне сфармаваць 5-тысячную нямецкую бранятанкавую брыгаду ў Літве было прынята ў адказ на поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Разгортваньне брыгады мае на мэце стрымліваць патэнцыйную расейскую агрэсію супраць Літвы і іншых краін Балтыі — Эстоніі і Латвіі, былых савецкіх дзяржаваў, якія ўвайшлі ў NATO і ЭЗ і асьцерагаюцца, што яны застаюцца пад прыцэлам Масквы, піша AFP.

Стварэньне пастаяннай брыгады за мяжой — беспрэцэдэнтны крок Бундэсвэру ў пасьляваенную эпоху.

Мэрц, які стаў канцлерам у гэтым месяцы, у Вільні бярэ ўдзел у цырымоніі афіцыйнага разгортваньня цяжкога баявога падразьдзелу — 45-й танкавай брыгады, таксама вядомай як «Літоўская брыгада».

Нямецкая тэхніка ў Вільні

Гэта будзе «важнай вяхой на шляху да пастаяннага разьмяшчэньня нямецкай брыгады на ўсходнім флянгу NATO», заявіў на мінулым тыдні намесьнік прэс-сакратара ўраду ФРГ Штэфэн Маер.

Брыгада, якая складаецца з каля 4800 вайскоўцаў і 200 цывільных службоўцаў Бундэсвэру, будзе паступова разгортвацца ў бліжэйшыя гады і павінна дасягнуць поўнай апэратыўнай здольнасьці да 2027 году.

Паводле зьвестак Міністэрства абароны ФРГ, перадавая група — каля 400 вайскоўцаў Бундэсвэру — ужо знаходзіцца ў Літве.

Міністар абароны ФРГ Борыс Пісторыюс, які далучыўся да Мэрца ў візыце, заявіў у мінулым месяцы, што разгортваньне нямецкіх войскаў «пасылае моцны сыгнал салідарнасьці і гатоўнасьці».

Мэрц правядзе перамовы з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.

Нямецкія вайскоўцы ў дзень інаўгурацыі 45-й бранятанкавай брыгады ў Вільні, 22 траўня 2025

Ува ўрачыстасьцях на Катэдральным пляцы прымуць удзел каля тысячы нямецкіх і літоўскіх салдатаў. Да сьцяга нямецкай брыгады будзе ўрачыста прымацаваная стужка, якая адзначае місію вайсковай часткі ў Літве.

Перад пачаткам цырымоніі на пляцы пройдзе выстава вайсковай тэхнікі, а завершыцца дзень урачыстасьцяў канцэртам нямецкага і літоўскага вайсковых аркестраў, піша delfi.lt

Пастаянным месцам дысьлякацыі нямецкай брыгады плянуецца Рудніцкі палігон і палігон у Рукле.

Раней у траўні ў Беларусі быў заўважаны расейскі самалёт-шпіён, які, відаць, спрабаваў назіраць за шматнацыянальнымі вайсковымі вучэньнямі NATO ў Літве, паведаміла выданьне Der Spiegel.