Тур, расамаха, лясны кот, хахуля. Расказваем пра зьніклых беларускіх жывёлаў, якім сёлета прысьвяцілі маркі

Жывёлы, зьніклыя з тэрыторыі Беларусі — паштовыя маркі

19 траўня ў Беларусі паступілі ў продаж новыя паштовыя маркі, прысьвечаныя дзікім жывёлам, што зьніклі на тэрыторыі краіны. Тур, хахуля, расамаха, дзікі лясны кот — іх больш не сустрэць у беларускіх лясах, і гэта павінна нагадаць, што варта берагчы прыроду і ставіцца да яе з павагай.

Калекцыю выдала Міністэрства сувязі з дапамогай мастака і арнітоляга Аляксандра Міцяніна і дызайнэркі Марыны Крэзы. Паштоўку ці ліст з маркай можна даслаць сябрам і родным у тым ліку па-за межы Беларусі. Адна марка каштуе 1,75 BYN, а калекцыя такая папулярная, што дзьве з чатырох марак ужо можна атрымаць выключна на замову.

Жывёлы, зьніклыя з тэрыторыі Беларусі — паштовыя маркі

Расказваем пра жывёл, якім сёлета прысьвяцілі маркі. Частку зь іх усё яшчэ можна сустрэць у іншых краінах, у заапарках і на волі.

Тур

Уявіце сабе магутнага дзікага быка зь вялізнымі выгнутымі рагамі — гэта тур, продак сучаснай каровы. Некалі туры сапраўды гулялі па беларускіх пушчах, але чалавек іх вынішчыў. Сярэднявечныя паляўнічыя настолькі рупліва палявалі на тураў і высякалі лясы, што гэтыя веліканы страцілі свой дом і бясьпеку. Нават спэцыяльныя каралеўскія ўказы аб ахове тураў не дапамаглі. У выніку апошні ў сьвеце тур памёр у 1627 годзе — від вымер поўнасьцю.

Тур

Сёньня пра тура нагадваюць хіба што старыя гербы, летапісы ды назва старажытнага Турава. Гэта адзіная жывёла ў сьпісе, што зьнікла ня толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ўвогуле.

Расамаха

Гэта невялікі, але надзвычай адважны драпежнік, падобны на маленькага мядзьведзя. Расамаха такая моцная і бясстрашная, што яе баяцца нават ласі, а мядзьведзі абыходзяць бокам! У розных мовах расамаха носіць імёны, зьвязаныя зь яе пражэрлівасьцю: па-нямецку яе называюць Vielfraß («ненажэра»), па-француску — glouton («абжора»).

Расамаха

Некалі расамаха сустракалася і ў нашых лясах, але з пацяпленьнем клімату гэты зьвер адступіў далёка на поўнач. Для жыцьця расамахам патрэбныя суровыя сьнягі і бяскрайнія прасторы, таму ў Беларусі ім стала цесна і цёпла.

Расамаха ў тайзе ў Фінляндыі

Цяпер гэты від можна сустрэць у скандынаўскіх лясах, а таксама на поўначы ЗША, Канады і Расеі.

Лясны кот

На першы погляд лясны кот выглядаў як буйны шэры кот зь вёскі — пухнаты, вусаты, з паласатай афарбоўкай. Але гэты драпежнік быў зусім дзікі і незалежны, свойскага жыцьця не прызнаваў і паляваў у лясах самастойна. У Беларусі лясныя каты раней сустракаліся даволі часта, але чалавек прыклаў руку да іх зьнікненьня.

Лясны кот

Людзі вынішчалі дзікіх катоў, бо тыя нібыта душылі свойскую птушку, а да таго ж лясныя каты пачалі скрыжоўвацца з свойскімі і губляць сваю «чыстую» пароду. Урэшце апошняга такога зьвярка ў нашых краях забілі каля 1927 года. Невялікія папуляцыі ляснога ката засталіся толькі ў Заходняй і Паўднёвай Эўропе — від там выжыў, хоць паўсюль вельмі рэдкі і знаходзіцца пад аховай.

Лясны кот

У 2017 годзе дзікага ката зафіксавалі фотапасткі ў Палескім радыяцыйным запаведніку ўпершыню за доўгія гады. Магчыма, жывёліна трапіла ў Беларусь з Украіны.

Хахуля

Гэта сапраўдны доўгажыхар эвалюцыі: від праіснаваў на Зямлі каля 30 мільёнаў гадоў! На выгляд хахуля пацешная і мірная істота, блізкая сваячка крата, але яе лёс у Беларусі склаўся трагічна. У мінулым гэтыя зьвяркі жылі ў павольных рэчышчах Прыпяці і Дняпра, пакуль чалавечая дзейнасьць не парушыла іхны сьвет. Хахулі гінулі, трапляючы ў рыбалоўныя сеткі (захраснуўшы, звярок хутка тануў без паветра), акрамя таго, іх вынішчала чужародная амэрыканская норка, якая распаўсюдзілася ў нашых вадаёмах.

Хахуля

У выніку прыкладна зь сярэдзіны XX стагодзьдзя хахуля знікла зь беларускай фауны. Зараз убачыць гэты рэдкі від можна толькі ў некаторых рэгіёнах Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыктатура супраць балотаў. Як улады Беларусі шкодзяць лёгкім Эўропы