64-гадовы Джафар Панахі, які ў апошнія гады таемна зьняў шэраг фільмаў у Іране, атрымаў сёлетнюю прэстыжную ўзнагароду за свой фільм пра групу былых зьняволеных у Іране, якія выкралі ахоўніка, які нібыта адказваў за іх катаваньні. Карціна расказвае аб адносінах ахвяр і катаў.
Самога рэжысёра ўлады Ірана перасьледуюць ужо некалькі гадоў, яго часта знявольвалі на радзіме і гадамі забаранялі выяжджаць за мяжу.
У красавіку 2023 года Панахі ўпершыню за 14 гадоў пакінуў Іран пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня за свой актывізм, што дазволіла зьняць забарону на выезд, уведзеную ўладамі краіны, паведамляе Радыё Фарда.
Атрымліваючы Залатую пальмавую галіну, Панахі заклікаў іранцаў забыцца пра рознагалосьсі і працаваць дзеля свабоды Ірана.
Гран-пры, другую па значнасьці ўзнагароду, атрымала карціна «Сэнтымэнтальная каштоўнасьць» дацкага рэжысёра Ёакіма Трыера.
Прыз за лепшую рэжысуру дастаўся бразыльцу Клебэру Мэндонсэ Фільё за фільм «Сакрэтны агент».
Узнагароду за найлепшы сцэнар атрымалі Жан-П’ер і Люк Дардэны за франка-бэльгійскую карціну «Маладыя маці».
Усяго ў асноўным конкурсе Канскага фэстывалю 2025 года ўдзельнічала 22 фільма.