Прэс-сакратарка Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Мая Качыянчыч апублікавала заяву ў сувязі зь беларускімі падзеямі 25 сакавіка.
«Беларусь адзначыла Дзень Волі 25 сакавіка ў гонар 100-годзьдзя незалежнасьці Беларусі, — зазначыла Мая Качыянчыч. — У той час як дазвол на сьвяточнае мерапрыемства быў дадзены, заяўка на шэсьце не была ўхваленая, і рэакцыя беларускіх уладаў была непрапарцыйнай.
Мора людзей на мітынгу-канцэрце ў Менску. ФОТАГАЛЕРЭЯ
«Хапун» на плошчы Якуба Коласа ў Менску, адкуль Статкевіч зьбіраўся з шэсьцем. Фотагалерэя
Дэмакратычныя прынцыпы і асноўныя свабоды слова, сходаў, асацыяцыяў і сродкаў масавай інфармацыі павінны быць цалкам забясьпечаныя ў любым дэмакратычным грамадзтве, і Эўрапейскі Зьвяз у сувязі з гэтым чакае, што ўсе нядаўна затрыманыя грамадзяне, якія па-ранейшаму ўтрымліваюцца пад вартай, будуць неадкладна вызваленыя.
Крокі Беларусі ў кірунку павагі ўнівэрсальных фундамэнтальных свабодаў, вяршэнства закону і правоў чалавека, застаюцца ключавымі ў фармаваньні будучых стасункаў Эўразьвязу з краінай».
Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018
«Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.
Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек.
Суды за Дзень Волі ў Менску. Фотагалерэя
Усяго па краіне затрымалі больш за 110 чалавек. Многіх вызвалілі без складаньня пратаколу, але некаторых вызвалілі зь «недаседжанымі суткамі», кагосьці ўжо аштрафавалі, суды над не адным дзясяткам чалавек адклалі.