Замарожаныя амбіцыі. Даўняя барацьба Амэрыкі за Грэнляндыю

Парлямэнцкія выбары ў Грэнляндыі прынесьлі нечаканую перамогу дэмакратам, якія падтрымліваюць бізнэс. Гэта сьведчыць пра адпор жаданьню Трампа далучыць востраў да ЗША і пра запаволеньне руху за незалежнасьць ад Даніі.

Чацьвёртага сакавіка Трамп заявіў Кангрэсу: «Так ці іначай, але мы яе атрымаем», падкрэсьліўшы, што Вашынгтону Грэнляндыя патрэбная дзеля нацыянальнай бясьпекі ЗША. «У вас паўсюль кітайскія караблі. У вас паўсюль расейскія караблі. Мы ня можам гэтага дапусьціць», — казаў ён журналістам у студзені.

Цяперашняя ўвага да Грэнляндыі — толькі найноўшы этап больш чым 150-гадовай гісторыі амбіцыйных памкненьняў Вашынгтону авалодаць тэрыторыяй.

Грэнляндзкія інуіты, сфатаграфаваныя ў 1924 годзе.

Пакрытая лёдам Грэнляндыя атрымала сваю недарэчную назву дзякуючы нарвэскаму дасьледніку X стагодзьдзя Эрыку Рудому. Ён выбраў такую назву, бо, як сам сьцьвярджаў, «людзі пацягнуцца ў краіну, калі ў яе будзе прывабная назва».

Паселішча ў Грэнляндыі, сфатаграфаванае ў 1924 годзе

Нарвэскія пасяленцы ў Грэнляндыі ня выжылі. Дасьледнікі мяркуюць, што яны сталі ахвярамі кліматычных зьменаў, эканамічных узрушэньняў, выкліканых чумой, ды іншых цяжкасьцяў. Да 1721 году, калі на востраў прыбылі дацкія місіянэры, там засталося толькі карэннае насельніцтва — інуіты.

Грэнляндзкія жанчыны-інуіткі, сфатаграфаваныя каля свайго дому ў канцы XIX ст.

Адзін зь місіянэраў апісваў інуітаў як настолькі прагных да калёрыяў, што яны елі вошай, вынятых з сваёй адзежы. Каб не прападала каштоўная соль, яны, як ён сьцьвярджаў, «саскрабалі пот з твару нажом і зьлізвалі яго».

Эўрапейскія дасьледнікі частуюць кавай мясцовых жыхароў Грэнляндыі ў пачатку 1900-х гадоў

Данія абвясьціла сувэрэнітэт над Грэнляндыяй у 1921 годзе і ўвяла манаполію на гандаль з востравам. Забарона замежнага гандлю дазволіла Капэнгагену на сваіх умовах закупляць кітовы і цюленевы тлушч (варволь) — каштоўную сыравіну для патрэбаў асьвятленьня і змазачных матэрыялаў.

Берагавая ахова ВМС ЗША ўзрывае праход у лёдзе ля ўзьбярэжжа Грэнляндыі для пошуку нямецкіх мэтэастанцыяў падчас Другой усясьветнай вайны

Падчас Другой усясьветнай вайны Данія была акупаваная нацысцкай Нямеччынай, Грэнляндыя засталася адкрытаю для магчымай нямецкай акупацыі.

Дыплямат Джордж Л. Уэст узгадваў, што прэзыдэнт ЗША Рузвэльт «імгненна вырашыў, што мы павінны нешта зрабіць з Грэнляндыяй». Амэрыканскія войскі занялі тэрыторыю, забясьпечыўшы кантроль над каштоўнай крыялітавай шахтай.

Група нямецкіх палонных, захопленых караблём берагавой аховы ЗША падчас Другой усясьветнай вайны

Улічваючы важнасьць прагнозаў надвор’я для вядзеньня вайны, нацысцкія агенты ня раз спрабавалі стварыць сакрэтныя мэтэаралягічныя станцыі ў аддаленых частках Грэнляндыі.

«Выглядае, што ў большасьці выпадкаў надвор’е ў Заходняй Эўропе фармуецца на гэтым ледавіку. З вайсковага гледзішча надзвычай важна атрымліваць мэтэаралягічныя зьвесткі адтуль», — тлумачыў Уэст, дадаючы, што часткаю місіі ЗША ў Грэнляндыі было «знаходзіць гэтыя [нелегальныя нямецкія мэтэастанцыі] і зьнішчаць іх».

Мужчыны ў Грэнляндыі ў 1950-я гады

Злучаныя Штаты вярнулі Грэнляндыю пад дацкі кантроль пасьля вайны, але ня вывелі адтуль сваіх войскаў. У 1951 годзе ЗША і Данія падпісалі дамову, якая дазволіла Вашынгтону і новай вайсковай арганізацыі NATO «палепшыць і ўвогуле прыстасаваць тэрыторыю да вайсковых патрэбаў».

Фатаграфія зь лягеру Century, месца звышсакрэтнага праекту Iceworm у Грэнляндыі, у 1960 годзе

Адна з амэрыканскіх базаў у Грэнляндыі, вядомая як Camp Century, афіцыйна называлася дасьледчай станцыяй. Насамрэч гэта было прыкрыцьцё для сакрэтнага праекту Iceworm — сеткі ядзерных ракетных шахтаў пад лёдам Грэнляндыі, нацэленых на Савецкі Саюз.

Штаб-кватэра Camp Century, пабудаваная пад лёдам Грэнляндыі

Гэты сакрэтны аб’ект быў асуджаны на правал ад самага пачатку. Інжынэры сутыкнуліся з праблемай рухомага лёду, які выгінаўся і расьціскаў шахты, прызначаныя для захоўваньня далікатных ядзерных боегаловак. У 1966 годзе база была пакінутая разам з радыяактыўнымі адыходамі, якія дагэтуль ляжаць пад лёдам.

Вайскоўцы берагавой аховы ЗША ля ўзьбярэжжа Грэнляндыі пасьля Другой усясьветнай вайны

Прапановы набыць Грэнляндыю ўпершыню сур’ёзна разглядалі ў ЗША яшчэ ў 1867 годзе.

У 1946 годзе Вашынгтон зрабіў Даніі афіцыйную прапанову на суму, эквівалентную сёньняшняму мільярду даляраў. Адзін з сэнатараў тады назваў Грэнляндыю «вайсковай неабходнасьцю» для Злучаных Штатаў.

Лаўцы крэвэтак выгружаюць свой улоў у затоцы Дыска, Грэнляндыя, у верасьні 1975 году

ЗША сьцьвярджалі, што Грэнляндыя забясьпечыць «пляцдарм для запуску ваенных апэрацыяў у Арктыцы супраць ворагаў Амэрыкі».

Міністар замежных справаў Даніі адмовіў ім у 1946 годзе, адказаўшы: «Хоць мы шмат чым абавязаныя Амэрыцы, але я не лічу, што мы ім павінны ўвесь востраў Грэнляндыю».

Амэрыканская касьмічная база Пітуфік у Грэнляндыі, кастрычнік 2023 г. Раней гэтая база была вядомая як авіябаза Туле

Трамп падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну ня раз прапаноўваў перадаць тэрыторыю пад кантроль ЗША, і гэтыя заявы шырока ўспрымаліся як несурʼёзныя. Але калі ён зрабіў гэта прыярытэтам у часе свайго другога тэрміну, то Данія адказала, зрабіўшы больш прыкметным палярнага мядзьведзя — сымбаль Грэнляндыі — на гербе дацкага караля і паўтарыўшы, што тэрыторыя не прадаецца.

Людзі на вуліцы з крамамі ў горадзе Нуук, Грэнляндыя, у лютым 2025 году

Сёньня Грэнляндыя мае шырокую аўтаномію, уключаючы ўласны парлямэнт, але застаецца моцна залежнай ад Даніі.

Тэрыторыя штогод атрымлівае амаль $600 мільёнаў у якасьці фінансавай дапамогі з Капэнгагену — гэта больш за палову бюджэту Грэнляндыі і каля $10 000 на кожнага з 57 000 жыхароў.

Самалёт прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прызямліўся ў Нууку, Грэнляндыя, 7 студзеня 2025 году

Паводле нядаўняга апытаньня, хоць большасьць грэнляндцаў падтрымлівае незалежнасьць ад Даніі, каля 85% з іх выступаюць супраць далучэньня да ЗША.

Турыст разглядае айсбэргі і морскі лёд у затоцы Дыска, Грэнляндыя, у траўні 2007 году

«Мы ня хочам быць датчанамі, мы ня хочам быць амэрыканцамі, мы хочам быць грэнляндцамі», — падсумаваў складаную геапалітычную сытуацыю прэм’ер-міністар Грэнляндыі Муці Эгедэ (Múte Egede) у студзені сёлета.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На выбарах у Грэнляндыі перамагла партыя, якая падтрымлівае бізнэс, дае адпор Трампу і не сьпяшаецца зь незалежнасьцю