Індыя і Пакістан знаходзяцца на мяжы вайны праз узброены напад у Кашміры, у якім загінулі 26 чалавек, піша «Настоящее время».
Бакі высылаюць дыпляматаў, спыненыя авіязносіны і гандаль. Акрамя таго, прыпынена дзеяньне Пагадненьня аб водах Інду, падпісанага паміж Індыяй і Пакістанам у 1960 годзе. Пакістан расцэньвае спробу адрэзаць яму водазабесьпячэньне як абвяшчэньне вайны.
Адносіны паміж Індыяй і Пакістанам рэзка абвастрыліся пасьля таго, як 22 красавіка група баевікоў напала на турыстаў у даліне Байсаран у падкантрольнай Індыі частцы Кашміру. Ахвярамі нападу, які ўлады Індыі ахарактарызавалі як тэрарыстычны акт, сталі 26 чалавек — прыежджыя з розных рэгіёнаў Індыі і адзін непалец. Адказнасьць за напад узяла на сябе малавядомая сэпаратысцкая групоўка The Resistance Front.
Парамэдыкі і супрацоўнікі паліцыі нясуць турыста, параненага падчас нападу ў Кашміры 22 красавіка 2025 году
Ахвяры нападу 22 красавіка
Кашмір — аб’ект тэрытарыяльнай спрэчкі паміж Індыяй і Пакістанам. Сэпаратысцкія групоўкі ў індыйскай частцы Кашміру выступаюць, як правіла, за тое, каб увесь рэгіён апынуўся пад кантролем Пакістану.
Улады Індыі не рабілі афіцыйных заяваў аб датычнасьці да тэракту Ісламабаду. Пры гэтым індыйская паліцыя апублікавала імёны траіх падазраваных баевікоў і пазначыла, што двое зь іх пакістанцы.
Ісламабад адмаў дачыненьне Пакістану да стральбы. У заяве пакістанскіх уладаў гаворыцца аб браку «дакладнага расьсьледаваньня і доказаў, якія можна праверыць». Віцэ-прэм’ер і міністар замежных справаў Пакістану Ісхак Дар назваў рэакцыю Індыі на тэракт «нясьпелай і пасьпешлівай».
Індыйскія салдаты на мяжы з Пакістанам
На наступны дзень пасьля нападу індыйскія ўлады анулявалі усе візы, выдадзеныя пакістанскім грамадзянам. Ім загадана пакінуць Індыю ў трохдзённы тэрмін.
Акрамя таго, Індыя закрыла адзіны памежны пераход з Пакістанам і аб’явіла аб разрыве пагадненьня аб выкарыстаньні водных рэсурсаў ракі Інд. Гэтая дамова, складзеная ў 1960 годзе, заставалася ў сіле нават нягледзячы на тое, што Індыя і Пакістан пасьля гэтага вялі паміж сабой войны.
«Дзеяньне пагадненьня будзе прыпынена неадкладна, пакуль Пакістан пераканаўча і незваротна не адмовіцца ад падтрымкі трансмежнага тэрарызму», — сказаў кіраўнік МЗС Індыі.
«Усякая спроба спыніць або перанакіраваць плынь вады, якая належыць Пакістану ў адпаведнасьці з Пагадненьнем аб водах Інду, будзе разглядацца як акт вайны і спыняцца ўсімі сродкамі», — гаворыць у заяве ў адказ прэмʼер-міністар Пакістану Шахбаз Шарыф.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пасьля сустрэчы з прэм’ерам Пакістану заявіў, што гатовы прыняць на працу ў Беларусі да 150 тысяч пакістанцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Індыі запатрабавалі, каб усе пакістанцы цягам пяці дзён пакінулі краіну