Пулітцэраўскую прэмію 2025 года за найлепшую немастацкую кнігу атрымаў амэрыканскі гісторык Бэнджамін Натанс за працу «За посьпех нашай безнадзейнай справы», якая распавядае пра савецкі дысыдэнцкі рух. Імёны ляўрэатаў апублікавалі на сайце прэміі.
Кніга на 797 старонак выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве Прынстанскага ўнівэрсытэта. Абапіраючыся на дзёньнікі, мэмуары, асабістыя лісты, інтэрвію і пратаколы допытаў КДБ, аўтар распавядае гісторыю таго, як «дысыдэнты вырашылі выкарыстаць савецкае заканадаўства, каб абмежаваць уладу савецкай дзяржавы». «У несвабоднай краіне яны пачалі паводзіць сябе як свабодныя людзі», — гаворыцца ў анатацыі.
Бэнджамін Натанс — дацэнт прэстыжнага Пэнсільванскага ўнівэрсытэта. За перамогу ён атрымае прыз у памеры 15 тысяч даляраў.
Бэнджамін Натанс
У 2024 годзе Натанс распавядаў пра сваю новую кнігу Радыё Свабода:
«Я хацеў даць ім гісторыю, якая б вылучыла іх на першы плян, але ацэньвала б іх ня толькі па іх моцных баках, але і па іх слабасьцях, не толькі па іх праніклівасьці, але і па іх сьлепаце, і, перш за ўсё, я б разглядаў іх у савецкім кантэксьце, у якім, як мне здаецца, яны займаюць сваё законнае месца», — сказаў ён.
Амэрыканская Пулітцэраўская прэмія — адна з самых прэстыжных узнагарод у галіне журналістыкі, літаратуры і музыкі. Яна ўручаецца за творы на ангельскай мове, якія ўпершыню выйшлі на рынак ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскіх журналістаў уганаравалі Пулітцэраўскай прэміяй — адной з самых прэстыжных у галіне СМІ