Чакаецца, што 7–8 траўня ў Варшаве, а таксама на наступны дзень у Львове будзе прынята няшмат канкрэтных рашэньняў, бо гэта не афіцыйныя пасяджэньні Эўрапейскай рады, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
«Адпаведна нефармальнаму характару сустрэчы і карыстаючыся больш інтымнай (толькі для міністраў) абстаноўкай, мы заклікаем усіх унесьці ўклад у сапраўды шчырую і нязмушаную дыскусію», — гаворыцца ў запрашэньні на варшаўскую сустрэчу, якое бачыла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«У гэтым духу мы рэкамэндуем, каб нашы рабочыя пасяджэньні праходзілі безь перакладу і электронных прыладаў. Мы таксама ветліва просім вас выбраць паўфармальнае адзеньне на час усёй сустрэчы».
Але нефармальнасьць не азначае, што на сустрэчах ня будзе высокапастаўленых службоўцаў, і яны адбудуцца ў той час, калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зьбіраецца прыцягнуць увагу сьвету маштабным вайсковым парадам перад дзясяткамі высокапастаўленых асобаў з усяго сьвету.
У першы дзень варшаўскай сустрэчы міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Лэмі далучыцца да абмеркаваньня эўрапейскай бясьпекі, а другі дзень будзе прысьвечаны адносінам паміж ЭЗ і ЗША і сытуацыі ва Ўкраіне.
Што да апошняга, то ў запрашэньні, падпісаным кіраўніцаю замежнай палітыкі ЭЗ Каяй Калас і гаспадаром, міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім, прапануецца «паглыбленае абмеркаваньне» ролі ЭЗ ва ўмацаваньні перамоўнай пазыцыі Ўкраіны ў кірунку «справядлівага і трывалага міру».
Абарона і санкцыі супраць Расеі
У запрашальным лісьце сказана, што службоўцы будуць імкнуцца зрабіць гэта, «абапіраючыся на нашы ўнікальныя калектыўныя вагары: шырокую падтрымку Ўкраіны, у прыватнасьці фінансавую і вайсковую, ціск з мэтай абмежаваньня ваеннага бюджэту Расеі, шлях Украіны да ўступленьня ў ЭЗ і актуальную працу дзеля ўмацаваньня эўрапейскага абароннага патэнцыялу».
Хоць ніякіх рашэньняў пакуль не зацьверджана, ёсьць тры кірункі, якія тычацца Ўкраіны і за якімі, паводле аналітыкаў, будуць уважліва сачыць.
ЭЗ мерыцца абвясьціць пра дадатковыя сродкі на абаронную прамысловасьць Украіны, хоць канкрэтную лічбу яшчэ трэба ўзгадніць.
Чакаецца таксама, што блёк паскорыць санкцыі супраць Расеі пасьля шматлікіх ракетных і дронавых нападаў на ўкраінскія гарады апошнімі тыднямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі вітаў «прагрэс» у перамовах з Эўропай наконт міратворчых сілаў пасьля крытыкі рэакцыі ЗША на атаку ў Крывым РогуПаводле дыпляматаў ЭЗ, хутчэй за ўсё, гэта будзе меншы набор захадаў, сярод якіх папаўненьне чорнага сьпісу расейскіх афіцэраў і палітыкаў, а таксама караблёў, якія належаць да расейскага ценевага флёту і якім будзе забаронена абслугоўвацца ў эўрапейскіх партах.
Яны хутка атрымаюць зялёнае сьвятло як знак салідарнасьці ў мацнейшым ціску на Маскву, але чакаецца, што на новыя буйныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі ня будзе згоды пэўных сталіц ЭЗ.
Абмяркуюць трыбунал супраць кіраўнікоў Расеі і Беларусі за вайну
Сустрэча ў Львове прызначана на час, калі міністры возьмуць удзел у заснаваньні спэцыяльнага трыбуналу, накіраванага на перасьлед высокапастаўленых кіраўнікоў Расеі і Беларусі за поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Трыбунал мае стаць дапаўненьнем да цяперашняга расьсьледаваньня Міжнародным крымінальным судом (МКС) ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці і генацыду, якое было распачата тры гады таму.
Трыбунал запоўніць прагалы, бо МКС не расьсьледуе таго, што юрыдычна апісваецца як «злачынствы агрэсіі», такія як ваенная акупацыя, анэксія і бамбаваньні.
Так званая асноўная група краін, у якую ўваходзяць усе дзяржавы ЭЗ, акрамя Вугоршчыны і Славаччыны, а таксама G7 без ЗША, падрыхтавала тры дакумэнты аб пагадненьні з Украінай наконт стварэньня трыбуналу.
Сам трыбунал ня будзе фармальна створаны, пакуль Камітэт міністраў Рады Эўропы не прагаласуе за гэта 14 траўня. ЭЗ і Кіеў зьбіраюць доказы злачынстваў агрэсіі з 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе заявілі, што блякаваньне Будапэштам уваходу Ўкраіны ў ЭЗ можа прывесьці да больш раньняга ўступленьня Малдовы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адкрыюць перамовы ў Парыжы новы шлях да міру ва Ўкраіне. Аналіз Свабоды