У цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску 2 жніўня адбыўся ператрус. Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды актывіст Сяргей Антусевіч.
Таксама ён сказаў, што цяпер вобшук праводзіцца на офісе прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці у Менску.
Пазьней у Камітэце дзяржкантролю паведамілі, што крымінальная справа распачата паводле фактаў нявыплаты падаткаў.
Алесь Бяляцкі: «Улады пачалі заплянаваны наступ на незалежны прафсаюзны рух»
Ператрусы прайшлі на кватэрах лідэраў незалежных прафсаюзаў
Ярашук: «Пасьля таго, што адбылося зь Бяляцкім, трэба было рабіць высновы»
Пасьля ператрусу ў менскім офісе прафсаюзу радыёэлектроннай прамыcловасьці
«Вядома, што старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін даў падпіску аб неразгалошваньні дадзеных крымінальнай справы. Таму пра што ідзе гаворка, пакуль цяжка казаць», — сказаў Сяргей Антусевіч.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук цяпер знаходзіцца ў Першамайскім дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў.
Пра гэта ён сказаў карэспандэнту Свабоды.
«Пакуль нічога не магу паведаміць пра сутнасьць справы, мяне выклікалі, прывезьлі на дом мне позву. Я толькі сёньня прыехаў, усю ноч быў у дарозе. Мяне паднялі, я, можна сказаць, ня спаў. Мне патэлефанавалі з Салігорску, што там быў ператрус, забралі ноўтбукі і цьвёрдыя дыскі кампутараў. Больш нічога ня ведаю».
Пасьля ператрусу ў менскім офісе прафсаюзу радыёэлектроннай прамыcловасьці
«Наш удзел у „вясьне-2017“, наша прынцыповая пазыцыя наконт дэкрэту № 3 магла шмат каго раззлаваць», — кажа актывіст Незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак.
На яго думку, завядзеньне крымінальнай справы падобнае «да атакі на незалежны прафсаюзны рух, зьвязанай з нашай грамадзкай актыўнасьцю».
«Складана сказаць, чаму менавіта цяпер, калі ёсьць паляпшэньне адносін паміж Захадам і Лукашэнкам, — разважае Андрэй Стрыжак. — Але гэта падобна да таго, што ўлада рабіла раней. Можна прыгадаць справу Бяляцкага, сытуацыю, у якой апынулася „Вясна-97“. Таму мы гатовыя да доўгай і вельмі непрыемнай справы, якая можа пайсьці за гэтымі абвінавачаньнямі. Але, нягледзячы на гэтую крымінальную справу, прафсаюз не спыняе сваю дзейнасьць».