У выдавецтве «Янушкевіч» пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску выйшла кніга пра жыцьцё і дзейнасьць галоўнага героя адроджанай у ХХ стагодзьдзі Польшчы Юзафа Пілсудзкага.
Аўтар біяграфічнага дасьледаваньня — вядомы польскі гісторык, прафэсар Уладзімеж Сулея, пераклаў на беларускую мову Яўген Саляйчук. Прэзэнтацыя кнігі ператварылася ў вострую дыскусію, мадэратарам якой выступіў беларускі гісторык Анатоль Трафімчык.
Свабода сабрала 10 фактаў пра вельмі супярэчлівую і неадназначную асобу Юзафа Пілсудзкага і ягоныя дачыненьні да Беларусі.
1. Біяграфія Пілсудзкага выходзіць па-беларуску і па-грузінску
У Польшчы біяграфічны твор Уладзімера Сулеі «Юзаф Пілсудзкі» вытрымаў два выданьні, цяпер рыхтуецца трэцяе — на 100 старонак большае. Кніга перакладзеная на некалькі эўрапейскіх моў.
Неўзабаве дасьледаваньне выйдзе на грузінскай мове. Праца прафэсара Сулеі абапіраецца на шырокую базу разнастайных дакумэнтальных крыніц — ад сьведчаньняў сучасьнікаў і самога Пілсудскага да архіўных матэрыялаў і навуковых распрацовак вучоных.
2. Да сярэдзіны 1980-х выдаць кнігу пра Пілсудзкага ў Польшчы было немагчыма
Як прызнаўся прафэсар Уладзімеж Сулея, меў месца пэўны парадокс — да пераменаў у сярэдзіне 1980-х гадах біяграфію Пілсудзкага ў Польшчы ў прынцыпе выдаць было немагчыма.
«Біяграфія нарэшце зьявілася з-пад пяра гісторыка, які змог гэта аб’ектыўна зрабіць у трох частках бяз згадкі прозьвішча Пілсудзкага», — кажа прафэсар.
А прапанова Ўладзімежу Сулею напісаць кнігу пра Пілсудзкага паступіла толькі ў 1990 годзе, і тады гісторык атрымаў магчымасьць паехаць у Нью-Ёрк у архіў Інстытуту Юзафа Пілсудзкага для збору матэрыялу.
3. Пілсудзкі быў польскім шляхцічам літоўскага паходжаньня
Нарадзіўся Юзаф Клеменс Пілсудзкі 5 сьнежня 1867 года ў сямейным маёнтку Зулаў Сьвянцянскага павету (на тэрыторыі сучаснай Літвы, але на самай мяжы зь Беларусьсю).
Бацька, таксама Юзаф, падчас студзеньскага паўстаньня 1863 году быў камісарам Нацыянальнага ўраду ў Росьненскім павеце. Зулаўскі двор лічыўся заможным, выхоўваўся маленькі Юзаф у вельмі добрых умовах, меў гувэрнантак, настаўнікаў.
Кім ён сябе лічыў? Аўтар кнігі Ўладзімеж Сулея выказвае думку, што Пілсудзкі — «дзіця „Крэсаў“, але таксама ён быў польскім шляхцічам літоўскага паходжаньня».
4. Добра валодаў беларускай мовай
Пілсудзкі рос у беларускім атачэньні, таму што вёска, хоць і знаходзілася на тэрыторыі Літвы, была беларуская. Адсюль у яго і добрая беларуская мова. І прамовы, зь якімі Пілсудзкі выступіў у Менску, гучалі па-беларуску.
5. Пры арышце ў Пецярбургу назваў сябе беларусам
Калі маладога Пілсудзкага арыштоўвала царская паліцыя ў Пецярбургу за замах на цара Аляксандра ІІІ, пры запаўненьні нейкага фармуляру Юзаф пазначыў сябе як беларус. 10 сакавіка 1887 году ў пратаколе допыту малады чалавек зазначыў: «Завуць мяне Восіп Восіпавіч Пілсудзкі; з роду маю 19 гадоў; паходжаньне і народнасьць — дваранін, беларус».
Гэты дакумэнт быў знойдзены ў пачатку 1990-х гадоў у санкт-пецярбургскіх архівах, уведзены ў навуковае абарачэньне, пра гэта пісала і беларуская прэса. На думку беларускага гісторыка Алеся Пашкевіча, цяжка сказаць, што гэта было:
«Ці гэта тактычная хітрасьць Пілсудзкага, каб пазьбегнуць пэўных праблем, бо да палякаў у царскай Расеі ставіліся ня вельмі прыязна, ці гэта шчырае сьведчаньне нацыянальнай прыналежнасьці», — мяркуе спадар Пашкевіч.
6. «Беларускае пытаньне для Пілсудзкага мела другаснае значэньне»
У Менску 18 верасьня 1919 году, падчас аўдыенцыі для 44 дэлегацый, на прамову старшыні Нацыянальнага камітэту Пілсудзкі адказаў па-беларуску. Пры гэтым згадваў, што «сын той жа зямлі, што і вы, і таму лепш разумею і адчуваю тыя беды і няшчасьці, якія былі лёсам гэтай зямлі».
На думку гісторыка Алеся Пашкевіча, гэта быў учынак Пілсудзкага як палітыка, а не як прыхільніка беларускай ідэалёгіі. Тым больш захаваліся сьведчаньні, што выступаў Пілсудзкі не свабодна, не імправізаваў, а карыстаўся напісаным тэкстам, чытаў з паперкі.
«Беларускае пытаньне для Пілсудзкага мела другаснае значэньне, бо беларусы былі чыньнікам, значна слабейшым і за ўкраінцаў, за літоўцаў», — мяркуе беларускі гісторык Алесь Пашкевіч.
7. Пілсудзкі быў антырасейскім палітыкам
Але расейскі народ ён паважаў і шанаваў. Прычым і царскую Расею, і бальшавіцкую Пілсудзкі ўспрымаў як галоўнага ворага менавіта таму, што Расея была магутнай імпэрыяй, якая забрала значную тэрыторыю першай Рэчы Паспалітай.
Да таго ж усе польскія паўстаньні ХVIII i XIX cтагодзьдзяў былі паўстаньнямі супраць Расеі.
8. «Калі б улада ў 1930-я была іншай, магчыма, не было б Курапатаў»
У Пілсудзкага была канцэпцыя, якая прадугледжвала стварэньне фэдэрацыі на падставе традыцый Рэчы Паспалітай, што ў выніку трох падзелаў зьнікла з палітычнай мапы Эўропы і сьвету ў канцы ХVIII стагодзьдзя. Меркавалася, што, акрамя Польшчы, у склад фэдэрацыі ўвойдуць Беларусь, Літва і Ўкраіна. Гэту канцэпцыю рэалізаваць не ўдалося.
«Трэба мець на ўвазе, што Пілсудзкі разумеў пад Беларусьсю: тэрыторыі, у асноўным населеныя каталікамі — Віленшчыну і Горадзеншчыну, якія павінны былі ўвайсьці ў Польшчу, а Беларусі застанецца толькі Менская губэрня. Нават узьнік тэрмін: не Беларусь, а Меншчына. І Пілсудзкі выступаў за тое, што польскія войскі павінны застацца на тэрыторыі Меншчыны, і сама Меншчына павінна была ўвайсьці ў межы другой Рэчы Паспалітай. Гэта сёньня ня ўпісваецца ў сфэру альтэрнатыўнай гісторыі. Але можна паставіць пытаньне: як бы выглядала гісторыя да 1939 году, калі б улада была іншай? Магчыма, не было б Курапатаў», — выказаў меркаваньне польскі прафэсар Сулея.
Калі ў 1926 годзе Пілсудзкі вярнуў уладу, ён ужо не вяртаўся да гэтай канцэпцыі.
9. «Пілсудзкі быў вельмі дэмакратычны чалавек, які атрымаў уладу недэмакратычным спосабам»
Палітычны і ваенны лідэр прайшоў складаны і супярэчлівы шлях. Пачынаў як рэвалюцыянэр-сацыяліст, а потым стаў дыктатарам. У траўні 1926 году Пілсудзкі вярнуў уладу з дапамогай вайсковага перавароту. На думку прафэсара Ўладзімера Сулеі, 1925 — 1926 гады — час вялікага паслабленьня Польшчы. Падзеі тады разгортваліся вельмі нечакана.
«Пілсудзкі атрымаў дыктатарскую ўладу і за яе моцна трымаўся. Прычым ён быў вельмі дзіўным дыктатарам паводле прынцыпаў кіраваньня. Але дэмакратам таксама ня быў. І ягоная галоўная мэта была — захаваць Польшчу», — перакананы Сулея.
Аўтарытарная ўлада была даволі спэцыфічная — Пілсудзкі ніяк не аформіў яе канстытуцыйна, пры ім дзейнічала Канстытуцыя 1921 году (новая была прынятая незадоўга да сьмерці Пілсудзкага ў 1935 годзе).
«Пілсудзкі — постаць шэксьпіраўскага маштабу, гэта быў вельмі дэмакратычны чалавек, які атрымаў уладу недэмакратычным спосабам. Я не хацеў яго абяліць у сваёй кнізе, я хацеў яго зразумець», — кажа прафэсар Сулея.
10. У Нью-Ёрку ёсьць шмат дакумэнтаў, зьвязаных зь Беларусьсю
У Нью-Ёрку, у архівах Інстытуту Пілсудзкага, захоўваецца цэлы асобны том дакумэнтаў, прысьвечаных дачыненьням зь Беларусьсю. Так што ў дасьледнікаў, гісторыкаў ёсьць вялікае поле дзейнасьці, паведаміў прафэсар Уладзімеж Сулея.