Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь беларускай турмы вызвалілі палітвязьня Юрася Зянковіча

абноўлена

Юрась Зянковіч, архіўнае фота
Юрась Зянковіч, архіўнае фота

Пра вызваленьне яшчэ аднаго зьняволенага ў Беларусі грамадзяніна ў сацыяльнай сетцы Х паведаміў дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Марка Рубіё.

Выданьне CNN піша, што гэта Юрась Зянковіч. Раней адваката беларускага паходжаньня з амэрыканскім пашпартам асудзілі на 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён праходзіў у адной справе з Рыгорам Кастусёвым і Аляксандрам Фядутам.

«Я ведала, што гэты дзень настане. Гэта заняло 1480 дзён, але ён выжыў і ўжо едзе дадому да мяне і ў Амэрыку», — сказала жонка Зянковіча Алена Дзенісавец. «Я хачу падзякаваць прэзыдэнту Трампу, сакратару Рубіё, спэцыяльнаму пасланьніку Болеру і супрацоўнікам SPEHA. Я таксама хачу выказаць сваю ўдзячнасьць прадстаўніку Моргану Латрэлу і некамэрцыйным арганізацыям Global Reach і James W. Foley Legacy Foundation за іхную дапамогу ў абароне правоў Юрася».

Зянковіча ўвечары 17 студзеня паказвалі па дзяржаўнай тэлевізіі. Было відаць, як ён схуднеў. Пасьля гэтага на некалькі месяцаў навінаў ад палітвязьня не было.

Юрась Зянковіч у прапагандысцкім фільме. Бачна, наколькі моцна ён схуднеў
Юрась Зянковіч у прапагандысцкім фільме. Бачна, наколькі моцна ён схуднеў

Іншага фігуранта справы, Рыгора Кастусёва, хворага на анкалёгію, вызвалілі 3 ліпеня 2024 году. Аляксандар Фядута застаецца за кратамі, стан ягонага здароўя кепскі, калі судзіць па тых зьвестках, якія даходзілі пра ягоны стан раней.

  • Юрась Зянковіч — беларускі палітык, амэрыканскі юрыст. Разам зь іншымі фігурантамі «справы змоўцаў» яго затрымалі ў красавіку 2021 году. Пасьля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта перадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама што «раскрылі дзяржаўны пераварот». Зянковіч — адзіны зь пяці абвінавачаных у гэтай справе, хто заключыў дамову зь сьледзтвам. Ён цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў, што быў арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэньня ў саўдзельнікаў.
  • Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 357 («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 («публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»). У верасьні 2022 году Юрыю прысудзілі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Праз тры месяцы палітвязьня судзілі ўжо ў новай крымінальнай справе. Тады Зянковіча абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Падставаю сталі «абразьлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім». У сьнежні 2022 году суд Мядзела дадаў яму яшчэ паўгода зьняволеньня.


У студзені рэжым Лукашэнкі пасьля перамоў з прадстаўнікамі адміністрацыі Трампа выпусьціў з турмы Анастасію Нуфер, якую затрымалі ў сьнежні 2024 году. У сярэдзіне лютага 2025 выпусьцілі з турмы пасаджанага туды ў верасьні 2024 году яшчэ аднаго грамадзяніна ЗША, але ягонае імя дасюль застаецца невядомым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG