Расея адмаўляе, што паінфармавала прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра тое, што яна выводзіць сваіх людзей з Вэнэсуэлы.
«Мы ніколі не хавалі таго, што нашы спэцыялісты абслугоўваюць тэхналёгію, якая пастаўлялася туды, у адпаведнасьці з законнымі кантрактамі, падпісанымі шмат гадоў таму. Называлася лічба — 95 экспэртаў, якія апошнім часам лёталі туды і праводзілі рэгулярныя звычайныя працы, неабходныя ў рамках нашых абавязаньняў паводле гэтых кантрактаў. Адкуль узялася інфармацыя пра тое, што мы „паведамілі“ амэрыканцам пра тое, што мы адтуль (з Вэнэсуэлы) выводзім нашых спэцыялістаў, я нават уявіць сабе не магу», — сказаў міністар замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў.
У сваю чаргу прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў таксама заявіў, што Расея не паведамляла Злучаным Штатам пра «вывад» сваіх людзей. Пяскоў адзначыў, што расейскія спэцыялісты працягваюць працаваць у Вэнэсуэле.
Аднак ні Лаўроў, ні Пяскоў не сказалі, ці скарацілася колькасьць расейскіх дараднікаў у Вэнэсуэле.
3 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Расея паведаміла ЗША аб вывадзе з Вэнэсуэлы «большай часткі сваіх людзей». Трамп, аднак, не ўдакладніў, каго дакладна ён мае на ўвазе і пра якую колькасьць расейцаў ідзе гаворка.
У той самы дзень дзяржаўная карпарацыя «Ростех» абвергла паведамленьні пра тое, што прысутнасьць Расеі ў Вэнэсуэле скарацілася з тысячы да некалькіх дзясяткаў. Гэта быў адказ на артыкул у амэрыканскай газэце The Wall Street Journal пра прысутнасьць у Вэнэсуэле супрацоўнікаў «Ростеха», які адказвае за падрыхтоўку мясцовых спэцыялістаў па эксплюатацыі і абслугоўваньні расейскай вайсковай тэхнікі.
У сакавіку Дональд Трамп заклікаў Расію пакінуць Вэнэсуэлу пасьля таго, як Масква накіравала туды каля 100 вайскоўцаў.
Рэзкая фаза супрацьстаяньня працягваецца ў Вэнэсуэле ад студзеня, калі лідэр апазыцыі Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, абвінаваціўшы Нікаляса Мадура ва ўзурпаваньні ўлады. Гуайдо падтрымліваюць ЗША і больш чым 50 іншых краінаў, тым часам як Мадура — Расея і Кітай.