Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прапанаваў Украіне аднавіць прамыя перамовы


Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступае з заявай для СМІ ў Крамлі ў Маскве, Расея, 11 траўня 2025 году
Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступае з заявай для СМІ ў Крамлі ў Маскве, Расея, 11 траўня 2025 году

Такую заяву расейски прэзыдэнт зрабіў падчас начнога выступу перад журналістамі ў Крамлі. Яго трансьляваў тэлеканал «Расея 24».

Пуцін прапанаваў правесьці сустрэчу ў чацьвер, 15-га траўня, у Стамбуле. Перамовы Расея прапануе без папярэдніх умоў.

Пры гэтым Пуцін заявіў, што не выключае дамоўленасьці аб новым перамір'і ў ходзе перамоваў, дадаўшы, што цяпер «мяч на баку Ўкраіны».

«Заўтра ў нас намечаная размова з прэзыдэнтам Турцыі, спадаром Эрдаганам, я хачу папрасіць яго, каб ён даў такую магчымасьць правядзеньня перамоваў у Турцыі. Спадзяюся, што ён пацьвердзіць сваё жаданьне спрыяць пошуку міру ва Ўкраіне», — адзначыў Уладзімір Пуцін.

Кіеў пакуль не пракаментаваў прапанову расейскага прэзідэнта.

Выступ Пуціна пачаўся прыкладна ў 1.30 па маскоўскім часе і заняў каля 20 хвілін.

Апоўначы завяршылася аб'яўленае ў аднабаковым парадку спыненьне агню. Пра яго працяг Пуцін не сказаў. Аднак пасьля прэс-канфэрэнцыі прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў, што перамір'е, абвешчанае на дні 80-годдзя Перамогі (8-10 траўня), прапанаванае Пуціным, завершанае.

Увечары 10 траўня лідэры Францыі, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Ўкраіны выпусьцілі сумесную заяву, якая заклікае Пуціна абʼявіць з панядзелка, 12 траўня, «поўнае і безумоўнае спыненьне агню на тэрмін ня менш як 30 сутак у паветры, на моры і на сушы». У выпадку, калі Расея адмовіцца ад гэтай прапановы, палітыкі прыгразілі прымяніць жорсткія санкцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG