Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак заклікаў улады Беларусі адмовіцца ад гвалту, шанаваў ікону Маці Божай Жыровіцкай


Папа Францішак ля копіі іконы Маці Божай Жыровіцкай. Рым, 11 студзеня 2023 году
Папа Францішак ля копіі іконы Маці Божай Жыровіцкай. Рым, 11 студзеня 2023 году

Папа Францішак маліўся ля абраза Маці Божай Жыровіцкай, які стаў адной з галоўных хрысьціянскіх сьвятыняў беларускага народу.

Папа Рымскі Францішак памёр у Велікодны панядзелак, 21 красавіка 2025 году, ва ўзросьце 88 гадоў у сваёй рэзыдэнцыі ў ватыканскім доме Санта-Марта, паведамілі ў Ватыкане.

Каталіцтва ў Беларусі — другая паводле колькасьці вернікаў канфэсія. У краіне 4 дыяцэзіі, у якія ўваходзіць больш 600 парафій, дзейнічае больш за 450 каталіцкіх храмаў. У Менску працуе апостальскі нунцый (амбасадар Ватыкану).

Папа Францішак зьвяртаў увагу на падзеі ў Беларусі, ён прымаў у сябе герархаў і вернікаў зь Беларусі, шанаваў беларускія сьвятыні.

25 жніўня 2015 году пасьля сустрэчы кардынала П’етра Параліна з намесьніцай міністра замежных справаў Беларусі Аленай Купчыной апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведаміла, што папа Францішак асабіста выступаў з хадайніцтвам аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў.

Пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і жорсткага здушэньня пратэстаў папа Францішак заклікаў улады Беларусі адмовіцца ад гвалту.

«Я ўважліва сачу за сытуацыяй, якая склалася ў гэтай краіне пасьля выбараў, і заклікаю да дыялёгу, адмовы ад гвалту і павагі да справядлівасьці і законнасьці», — цытавала ягоныя словы 16 жніўня 2020 году прэс-служба Ватыкану.

У пасланьні ў чэрвені 2023 году, якое папа Рымскі Францішак перадаў праз свайго легата — прэфэкта дыкастэрыі ў справах усходніх цэркваў архібіскупа Кляўдыё Гуджэроцьці, пантыфік заклікаў беларусаў да «прымірэньня ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах з суседнімі народамі».

«Папа зьвяртаецца да Беларусі, каб рахманасьць яе жыхароў, іх глыбокая сумленнасьць і працавітасьць, а таксама асаблівая роля мосту паміж Усходам і Захадам, якую яна адыгрывае, натхнялі перадусім на вялізныя намаганьні быць змагаркаю за мір на шляху дыялёгу, справядлівасьці і прымірэньня ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах з суседнімі народамі», — перадаў словы пантыфіка яго пасланьнік.

Таксама Францішак, паводле словаў Гуджэроцьці, папрасіў «міжнародную супольнасьць быць уважлівай да асаблівасьцяў гэтага гераічнага народу, які імкнецца да дабра і спакою».

11 студзеня 2023 году папа Францішак правёў некалькі хвілін у малітве за Ўкраіну перад копіяй іконы Маці Божай Жыровіцкай, якую беларускія грэка-католікі ўшаноўваюць як валадарку беларускага народу, таксама згадаўшы Беларусь, пісала выданьне «Vatican news».


Папа Францішак. Рым, 11 студзеня 2022 году
Папа Францішак. Рым, 11 студзеня 2022 году

«Ня будзем забываць пра змучаную Ўкраіну, якая заўсёды ў нашых сэрцах; выкажам гэтаму народу, які перажывае жорсткія пакуты, нашу любоў, нашу блізкасьць і нашу малітву. А зараз я правяду некалькі хвілін у цішыні, молячыся за гэту дарагую краіну і за мір, перад іконай Божай Маці Народу, якая ўшаноўваецца ў Беларусі. Запрашаю вас духоўна далучыцца да маёй малітвы», — сказаў тады папа.


19 верасьня 2024 году падчас агульнай сустрэчы новапрызначаных біскупаў з пантыфікам дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска спытаў у папы Францішка, што трэба зрабіць, каб спыніць вайну паміж Расеяй і Ўкраінай. На гэта пантыфік адказаў:

«Вы ў Беларусі добра ведаеце, што ніколі нельга зачыняць дзьверы для перамоваў, што трэба трымаць іх адкрытымі», бо «толькі будучы гатовымі слухаць і чуць адно аднаго, можна дайсьці да добрага выніку».

Таксама папа Францішак адзначыў, што «ведае Беларусь», прасіў перадаць прывітаньне Аляксандру Лукашэнку.

4 кастрычніка 2024 году дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі сустрэўся з папам Рымскім Францішкам у Ватыкане, і пантыфік тады, паводле яго, перадаў «дабраслаўленьне для ўсёй Беларусі».

Паводле біскупа Аляксандра Яшэўскага, падчас сустрэчы «асноўная ўвага была нададзена наладжваньню дыялёгу зь дзяржаўнымі ўладамі і магчымасьцям ажыцьцяўленьня рэлігійнай дзейнасьці» ў Беларусі.

Падчас сустрэчы папа Францішак памаліўся зь біскупам Яшэўскім за Беларусь і яе народ.

25 сакавіка 2025 году папа Францішак прызначыў новага апостальскага нунцыя ў Беларусі — ім стаў Іньяцыё Чэфалья з Палерма.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG